Чэмпіянат свету і палітвязні – сумяшчальныя

0

 У выніку зачыстак нейтралізавалі каля 30 палітычных апанентаў. Сярод новых палітвязняў – грамадскія актывісты розных партыяў і рухаў.

Усіх іх прэвентыўна затрымалі паводле аднатыпных абвінавачанняў – «дробнае хуліганства» і «непадпарадкаванне працаўнікам міліцыі» – ды асудзілі да адміністратыўных арыштаў, агульны тэрмін якіх складае больш за 400 сутак. Паводле праваабарончай арганізацыі «Вясна», суды аднабакова і фармальна падыходзяць да разгляду адміністратыўных справаў, выкарыстоўваюць прэзумпцыю даверу да працаўнікоў міліцыі ды не надаюць значэння доказам абароны. На старонцы «Вясны» можна азнаёміцца з поўным спісам затрыманых. Пра палітвязняў нагадвае і сацыяльны праект «Таталітарны хакей». Гэта серыя плакатаў, створаная рэкламісткаю Юліяй Ляшкевіч і шэрагам дызайнераў, накіраваная на пашырэнне інфармацыі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.

8 траўня напярэдадні чэмпіянату з Беларусі выдварылі Марціна Углю, кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Östgruppen», якога за дзень да гэтага не хацелі пускаць ў Беларусь і трымалі пад вартаю ў транзітнай зоне аэрапорту.

Пад «раздачу» трапілі і журналісты. Спачатку міліцыянты перашкаджалі працаваць здымачнай групе фінскага тэлеканалу, пазней стала вядома пра затрыманне карэспандэнта радыё «Свабода» Валера Каліноўскага. Журналіст вёў онлайн-трансляцыю з-пад «Менск Арэны». Каля двюх гадзінаў цягнулася затрыманне, пасля чаго здымачную групу адпусцілі без складання пратаколаў – міліцыянты не знайшлі складу злачынства ў дзеяннях журналістаў.

Фота svaboda.org


Няма запісаў для адлюстравання