Ганна Шапуцька: Трэба аб'яднацца перад пагрозай вайны ўсім – інтэлігенцыі, палітыкам, актывістам

4

Прарасійскае гета ці еўрапейскі прастор?

 
Шляхаў толькі два: альбо назад у новае прарасійскае гета, альбо на еўрапейскі прастор, каб людзьмi звацца, – гаворыцца ў звароце да беларусаў ва Украіне, які днямі апублікаваў Беларускi камітэт салідарнасці з Украінай.
 
Падтрымліваючы сёння праеўрапейскі выбар ўкраінскага народа, вы падтрымліваеце заўтрашні дзень Беларусі!Памятайце, што толькі новыя ўкраінскія ўлады могуць і будуць гарантаваць нацыянальным меншасцям, сярод якіх беларусы Украіны стаяць на трэцім месцы па колькасці, захаванне сваёй нацыянальнай самабытнасці і гістарычных каранёў“, – падкрэсліваюць чальцы камiтэту.
 
У заяве таксама гучыць патрабаванне да беларускіх уладаў спыніць пераслед беларусаў, якія падтрымліваюць украінцаў, выказваюць сваю салідарнасць з Украінай. Напрыклад, за акцыю салідарнасці 11 красавіка з Украінай у Мінску гомельскага студэнта Станіслава Булу адлічылі з універсітэта, а прадпрымальнік Дзмітрый Карашкоў праз гэта ж страціў працу. Гродзенскіх актывістаў – Уладзіміра Хільмановіча, Віктара Сазонава і Рамана Юргеля, якія сфатаграфаваліся з жоўта-блакітнымі сцяжкамі, прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці. За жоўта-блакітную стужку на вопратцы двойчы затрымлівалі ў Мінску паэта Славаміра Адамовіча.    

Нагадаем, што Камітэт створаны амаль месяц таму, у сярэдзіне сакавіка, і ў яго ўвайшлі прадстаўнікі апазіцыйных партыяў, грамадскіх ініцыятываў і беларускія абаронцы Майдана. Мэта грамадскага новаўтварэння – правядзення акцый салiдарнасцi, усебаковая дапамога беларусаў народу Украіны ў яго барацьбе за дэмакратыю, свабоду, еўрапейскiя каштоўнасцi, захаванне суверэнiтэту ды тэрытарыяльнай цэласнасці ўкраiнскай дзяржавы. 

Зварот да салдацкіх маці

Пра далейшы план дзеянняў арганізацыі Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавяла чалец камітэта, каардынатар грамадскіх ініцыятываў “Хрысціянскі рух” і “За ўратаванне Курапатаў” Ганна Шапуцька:

– Акрамя звароту да беларусаў ва Украіне, мы плануем запрасіць прадстаўнікоў украінскай грамадскасці ўзяць удзел у нашым “Марафоне салідарнасці” з Украінай. Рыхтуем круглы стол па пытанні знаходжання расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, запросім на яго палітыкаў і палітолагаў для абмяркавання таго, на якой падставе войскі Расіі знаходзяцца тут, і якім чынам можна паспрыяць вываду гэтых войскаў.

Яшчэ адзін круглы стол, больш культурніцкага напрамку, але ж вельмі актуальны, пройдзе па тэме персонаў украінскіх лідараў – Бандэры і Шухневіча. Людзі маюць шмат пытанняў адносна гэтых гістарычных постацяў, якіх ідэалагічная прапаганда Расіі малюе як цалкам адмоўных.

Таксама рыхтуем зварот да маці салдат, якія знаходзяцца зараз у беларускім войску, і да маці маладзёнаў прызыўнога ўзросту. Трэба, каб яны зразумелі, якая пагроза зараз навісла над іхнімі дзецьмі, якіх могуць уцягнуць у вайсковыя дзеянні Расіі супраць Украіны. Гэты зварот быў агучаны на паседжанні камітэта, хутка ён з’явіцца на нашай пляцоўцы ў Фэйсбуку, магчыма, будзе створаны і адмысловы сайт. Мы вельмі спадзяемся на распаўсюд і падтрымку нашых зваротаў незалежнымі СМІ Беларусі. Забараніць Расеі брацаць зброяй з тэрыторыі Беларусі – першасная задача палітыкаў і неабыякавых грамадзян нашай краіны, і нашага камітэта.

Пляцоўка хуткага рэагавання на ўкраінскія падзеі

– Плануем вандроўку ў Заходнюю Украіну і ў Кіеў, каб паразмаўляць там з народам і дазнацца, якая дапамога ім ў першую чаргу патрэбна, і наладзіць стасункі з адпаведнымі арганізацыямі. Яшчэ адна мэта – паспрабаваць дагрукацца да ўкраінскіх СМІ, каб нашыя дзеянні набылі там нейкае асвятленне. Гэта важна.

На паседжанні 26 сакавіка мы прынялі зварот да ўрадаў Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, ЗША і Генасамблеі ААН з асуджэннем вайсковай агрэсіі Расіі ў дачыненні Украіны.

Але не пакідае адчуванне, што трэба ўсе рабіць не так, як робім зараз, што не тым шляхам пайшлі, што ўсе неяк не вельмі сур’ёзна, усё фармалізавана. Па-першае, камітэту трэба абавязкова пазбавіцца падкантрольнасці любой палітычнай партыі – гэта павінна быць самастойная структура, а не пляцоўка БХД, негледзячы,што ініцыятыва стварэння камітэта сыходзіла ад гэтай партыі. Дзеля гэтага ўзначаліць камітэт мусіць вядомы грамадскі дзеяч, ці то мастак, ці пісьменнік, ці рэжыссер, і каб былі каардынатары, адказныя за ініцыятывы, мерапрыемствы, накірункі дзейнасці. Па-другое, паседжанні павінны адбывацца штотыднёва, бо падзеі ва Украіне разгортваюцца хутка. Камітэт стане пляцоўкай хуткага рэагавання на падзеі.

Не будзе ніякага сэнсу ў працы камітэта, калі мы не здолеем усе аб’яднацца перад пагрозай вайны, усе – інтэлігенцыя, палітыкі, актывісты. Далучайцеся, запрашаем! Пішыце нам свае прапановы, сачыце за навінамі і мерапрыемствамі, будзем спадзявацца,што праца атрымаецца.

Галоўнае зараз – не дазволіць Расіі ўцягнуць Беларусь у канфлікт, негледзячы на тое, што дэ-факта мы ўжо ўцягнуты, бо мы – ў Саюзнай Дзяржаве.

Крымінальная справа супраць Кісялёва

– Раней камітэт заклікаў байкатаваць афіцыйныя расiйскія тэлеканалы і СМІ, якія прапагандуюць вайну, ладзілі збор подпісаў у сеціве пад петыцыяй ў Генпракуратуру з патрабаваннем забараніць трансляцыю канала Расія -1 (РТР-Беларусь) на тэрыторыі Беларусі. З-за якіх канкрэтна тэлеперадачаў?

– “Весці” і “Нядзельны вечар з Салаўёвым” – у выступах вядучых і гасцей гэтых тэлепраграмаў гучаць заклікі да нацыянальнай варожасці. Акрамя таго, і гэта мы адзначалі ў звароце камітэта, тэлеканал падвяргае сумневу права беларускага народа на самавызначэнне, на ім гучаць заклікі да змены канстытуцыйнага ладу Беларусі, аспрэчваецца яе суверэнітэт.

Таму ў звароце мы таксама патрабуем забараніць уезд у Беларусь і пачаць крымінальную справу на тэлевядоўцаў Дзмітрыя Кісялёва і Уладзіміра Салаўёва, а таксама госцяў іх праграмаў – Аляксандра Праханава, Уладзіміра Жырыноўскага, Анатоля Васермана і Аляксандра Дугіна.

– У заяве камітэта таксама ёсць словы пра адсутнасць пакаяння Расiі за генацыд зняволеных народаў, Галадамор, ГУЛАГ і злачынствы савецкага камунізму, і тое, што менавіта гэта вяртае Маскву да новых захопніцкіх войнаў. Наколькі, на вашае гледзішча, кіраўнік Расіі разумее ключ да выратавання душы – пакаянне?

– Я лічу, што Пуцін пра гэтае не думае наогул. Усе ягоныя ўчынкі і паводзіны, пасягненні на чужыя тэрыторыі, – імперскія замашкі. Пра якое пакаянне можа ісці гаворка?


Няма запісаў для адлюстравання