Бурбалкі Гайдукевічаў

8

“Для сябе Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі ацэньвае правядзенне выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы як паспяховае. Выбары дазволілі ўмацаваць партыю, павысіць яе пазнавальнасць напярэдадні маючай адбыцца прэзідэнцкай кампаніі. Выбары паказалі, што за кандыдатаў ад ЛДПБ ужо цяпер галасуе ад 25% да 30% выбаршчыкаў. У пераважнай большасці акруг прадстаўнікі Ліберальна-дэмакратычнай партыі занялі другія месцы”.

Я прааналізавала афіцыйныя вынікі галасавання — таго, пра што гаворыць спадар Гайдукевіч, няма і блізка.

Возьмем, напрыклад, Мінск — менавіта сталіца вызначае палітычныя настроі ў цэлым па краіне.

У Мінгарсавет Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі вылучала шмат кандыдатаў: не ва ўсіх 57 акругах, але больш як у палове. І вось вынік — дэпутатам ні адзін партыйны вылучэнец не стаў! Вось дык поспех! З пальца высмактана сцвярджэнне, што “за кандыдатаў ад ЛДПБ ужо цяпер галасуе ад 25% да 30% выбаршчыкаў”.

Што сказаць наконт другога месца па выніках галасавання, чым па-

хваліўся Алег Гайдукевіч? На паверку гэта ўсяго толькі агучаная мара маладога лідара партыі. Трэцяе месца з трох кандыдатаў, чацвёртае месца з чатырох кандыдатаў — вось такія вынікі паказвалі прадстаўнікі ЛДПБ у пераважнай большасці акруг. Калі мець на ўвазе Мінск, то выключэннем тут сталі толькі дзве акругі, у якіх сапраўды кандыдаты ад ЛДПБ занялі другое месца: Старавіленская №41, дзе ад партыі балатаваўся намеснік дэкана факультэта Мінскага інстытута кіравання Сяргей Палішчук, і Ясенінская №24, дзе балатаваўся беспрацоўны Руслан Мізула. Прычым феномен Мізулы тлумачыцца проста. На гэтай акрузе было тры кандыдаты: кіраўнік будаўнічага трэста з гадавым даходам больш за мільярд рублёў, кандыдат ад праўладных камуністаў і кандыдат ад ЛДПБ. Тым, хто не падтрымлівае дзеючыя парадкі, проста не было за каго галасаваць. Вось і вынік.

Колькі працэнтаў галасоў набіралі кандыдаты ад ЛДПБ? Зноў жа не 25 і не 30, як аб’явіў спрытны Алег Гайдукевіч.

Лепшы паказчык у Сяргея Палішчука — 23%. А вось у Руслана Мізулы толькі 14%. Яўген Крыжаноўскі, твар партыі, вядомы артыст-сатырык, — 11%. У іншых — яшчэ меней… Што і казаць, сорам! Поўны правал!

Цікава параўнаць таксама вынікі галасавання па акругах, дзе балатаваліся як кандыдаты ад ЛДПБ, так і прадстаўнікі рэальных апазіцыйных партый. Алег Гайдукевіч пра гэта — ні слова. Аказваецца, хваліцца няма чым!

У Ахоцкай выбарчай акрузе №1 сябра Партыі БНФ, індывідуальны прадпрымальнік Ілля Дабратвор набраў галасоў болей, чым прадавец-кансультант Аляксандр Рудакоўскі, які прадстаўляў ЛДПБ. У Слабадской выбарчай акрузе №28 такая ж сітуацыя: сябра Партыі БНФ Юрась Меляшкевіч абыграў прадстаўніка ЛДПБ Мікалая Шацілу. Лагойская выбарчая акруга №44: прадстаўніца аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова атрымала большую падтрымку, чым ліберал-дэмакрат Канстанцін Максімчык. У Куйбышаўскай выбарчай акрузе №46 ліберал-дэмакрат Алег Сямёнаў і блізка не дацягнуў да паказчыкаў Сяргея Калякіна…

Так пра якія поспехі трындзіш, спадар Гайдукевіч? Наадварот, пройгрыш па ўсіх франтах!

Што цікава — Гайдукевіч-малодшы, намеснік старшыні партыі, і Гайдукевіч-старэйшы, кіраўнік ЛДПБ, як выступалі, так і будуць выступаць з заявамі, сэнс якіх у наступным: традыцыйная апазіцыя нічога не вартая, а вось Ліберальна-дэмакратычная партыя — гэта і моц, і людзі! Напэўна, разлічваюць на тое, што ніхто іхнія заявы правяраць не будзе. Бо калі праверыць, то высвятляецца, што з людзьмі якраз вялікі дэфіцыт. Такую выснову можна зрабіць, калі прааналізаваць спіс кандыдатаў ад партыі на мясцовых выбарах. Гэтыя выбары ў ЛДПБ называюць самымі галоўнымі, менавіта да іх партыя найбольш рыхтавалася, але… З мінскіх кандыдатаў чацвёра аказаліся беспрацоўнымі, пяць не зарабілі ў мінулым годзе ні капейкі, двое раней былі судзімыя. Ды не па палітычных абвінавачваннях, а за наркотыкі ды за ўхіленне ад утрымання дзяцей. Прычым кандыдат Аляксандр Шэндрык за няўплату аліментаў быў судзімы нават не адзін раз, а двойчы. І тым не менш партыя вылучыла кандыдатам у дэпутаты, назвала добрым абаронцам народа таго, каго праз суд трэба было прымушаць паклапаціцца пра ўласных дзяцей…

Дык на што ж разлік? На тое, што ўсе вакол дурні?

Чаму ўжо шмат гадоў ліберал-дэмакраты ганяюць паветра па краіне, на ўсіх вуглах абвяшчаючы сябе самай правільнай апазіцыяй, але калі даходзіць да справы, то няма ні ЛДПБ, ні іхніх моцных кандыдатаў — адны бурбалкі?

Ясна, што Аляксандру Лукашэнку патрэбны такі спарынг-партнёр, як Сяргей Гайдукевіч, які амаль ва ўсіх прэзідэнцкіх выбарах удзельнічаў, але кожны раз правальваўся, пасля чаго, не міргнуўшы вокам, абвяшчаў, што Лукашэнка перамог справядліва, бо ён — лепшы кандыдат. Дык навошта Гайдукевіч боўтаецца ў палітыцы, калі толькі і можа сказаць, што самае правільнае — галасаваць за Лукашэнку? Адказ на гэтае пытанне — вядомы. Таму ў свой час людзі адказалі яму нават у даверы быць дэпутатам Мінскага гарадскога Савета.

У свеце апошніх падзей у Крыме нельга не ўспомніць, што там таксама быў “свой Гайдукевіч” — сённяшні прэм’ер Сяргей Аксёнаў. На апошніх парламенцкіх выбарах партыя Аксёнава набрала толькі 4% галасоў, але гэтага аказалася дастаткова, каб, абапіраючыся на яе, Расія адхапіла Крым…


Няма запісаў для адлюстравання