Мілінкевіч убачыў новае вакно магчымасцяў у беларуска-еўрапейскіх адносінах

1

«Варта працягваць дзейнасць паводле парадку дня, вызначанага на Віленскім саміце “Усходняга Партнёрства”: візавае пытанне, ахова мяжы, абмеркаванне мадэрнізацыі і гэтак далей. Упершыню за многія гады сфармаваўся такі канструктыўны парадак дня. Нельга дапусціць, каб ваколукраінскія падзеі яго паламалі», – лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

Выступаючы на пасяджэнні Камітэта па замежнай палітыцы Еўрапарламенту, Мілінкевіч адзначыў, што наша краіна заняла добрасуседскую пазіцыю датычна Украіны. У прыватнасці, прызнана новая тамтэйшая ўлада і робіцца спроба прапанаваць пасярэдніцтва паміж Кіевам і Масквой, паведамляе прэс-служба руху.

«Гэта ёсць праявай правядзення незалежнай палітыкі, таму не варта ізаляваць Беларусь разам з Расіяй з-за нашумелага галасавання ў Генеральнай асамблеі ААН па Украіне», – сказаў Мілінкевіч.

Разам з тым, з парадку дня перамоваў не павінна знікнуць праблема палітвязняў, лічыць старшыня Руху “За Свабоду”. 

«ЕС неабходна прыкласцi ўсе намаганнi, каб пераканаць улады Беларусі ў тым, што выгоды дыялогу і незалежнасць краiны сёння напрамую залежыць ад вызвалення палiтвязняў. Дзеля гэтага варта выкарыстоўваць магчымыя сродкi публiчнай i непублiчнай дыпламатыi. Вызваленне вязняў адкрые каналы эканамiчнай супрацы, iнвестыцый, мадэрнiзацыйнай дапамогi, неабходных для захавання эканамічнага і палітычнага суверэнiтэту Беларусi», – заключыў Аляксандр Мілінкевіч. 

Нагадаем, што «Еўранэст» – міжпарламентская асамблея, якая створаная для збліжэння Еўразвяза і краінаў-удзельніц праграмы «Усходняе партнерства».  


Няма запісаў для адлюстравання