Савік Шустэр: Лукашэнку крымскі прэцэдэнт вельмі не падабаецца

4

Еўрарадыё: Ва Украіне сёння дастаткова асоб і персаналій для таго, каб рабіць праграмы на актуальныя тэмы – чаму вы менавіта зараз вырашылі зрабіць інтэрв’ю з кіраўніком суседняй краіны Аляксандрам Лукашэнкам?

Савік Шустэр: Найперш таму, што прэзідэнт Беларусі зрабіў некалькі гучных, важных заяў па сітуацыі ва Украіне і па Крымскай аўтаномнай рэспубліцы. Па-другое, як я зразумеў з яго друкаваных інтэрв’ю, ён дастаткова часта мае стасункі з прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. Ну, і трэцяе – гэта, усё ж, суседняя краіна, моцна звязаная з Украінай. Мяркую, што для ўкраінскай аўдыторыі, для ўкраінскага тэлегледача будзе вельмі цікава пачуць меркаванне прэзідэнта Беларусі.

Еўрарадыё: Чаму той факт, што кіраўнік Беларусі дастаткова часта мае стасункі з Уладзімірам Пуціным, цікавы для ўкраінскіх тэлегледачоў?

Савік Шустэр: Гэты факт цікавы не толькі для ўкраінскага гледача – ён цікавы для сусветнага гледача. У тым сэнсе, што зараз усе спрабуюць зразумець: што на розуме ва Уладзіміра Пуціна? Што ў яго ў душы, што ён думае, якая ў яго стратэгія? Вось пра гэта пішуць усе, усе гадаюць, ва ўсіх рознае разуменне і ўяўленне. Я думаю, што прэзідэнт Лукашэнка – адзін з тых людзей, які найбольш дакладна можа сфармуляваць стратэгію прэзідэнта Пуціна. Вось ён сказаў, што нікуды больш, апроч Крыма, прэзідэнт Пуцін войскі не накіруе. Ён у гэтым упэўнены. Я думаю, што калі ён кажа, што ён упэўнены, то яму трэба верыць. І яму паверыць не толькі Украіна – яму паверыць Еўропа, яму паверыць Амерыка, яму паверыць свет.

Савік Шустэр: Лукашэнку крымскі прэцэдэнт вельмі не падабаецца

Еўрарадыё: І як, на ваш погляд, гэта ўпэўненасць Лукашэнкі адаб’ецца на палітычнай сітуацыі ва Украіне?

Савік Шустэр: Ва Украіне цяпер асаблівая атмасфера – гэта атмасфера вайны. І любое слова, якое супакойвае, яно карысна. Людзі вельмі знерваваныя, усе ў вялікім напружанні, ніхто ў прынцыпе не можа прадказаць будучыню, прадбачыць, што будзе заўтра, паслязаўтра. І ў такой абстаноўцы словы, якія супакойваюць, нават калі яны сыходзяць ад прэзідэнта іншай краіны, гэта – нібыта прамень надзеі.

Еўрарадыё: Ці доўга вам давялося чакаць згоды на інтэрв’ю?

Савік Шустэр: На дзіва хутка мы атрымалі адказ. Мушу сказаць, што з прэзідэнтам Лукашэнкам мы даўно знаёмыя – мы рабілі два эфіры яшчэ калі я працаваў на НТВ. І ён мяне добра ведае як прафесіянала. У гэты панядзелак мы накіравалі заяўку, і ўжо ў панядзелак вечарам мы атрымалі станоўчы адказ.

Еўрарадыё: Пытанні на ўзгадненне дасылалі?

Савік Шустэр: Не, мы проста акрэслілі тэмы. Ну, а тэма цалкам відавочная – было адразу зразумела, што ў асноўным, так яно і атрымалася ў выніку, мы будзем гаварыць пра крымскую сітуацыю, пра прэзідэнта Пуціна, Украіну, Майдан…

Савік Шустэр: Лукашэнку крымскі прэцэдэнт вельмі не падабаецца

Еўрарадыё: Задавалі пытанні, непрыемныя для Лукашэнкі?

Савік Шустэр: Мяркуючы па выразу яго твару і па яго погляду – не было непрыемных пытанняў. Разумееце, калі мы гаворым пра сітуацыю вайны – тут усе пытанні непрыемныя з іншага боку. Але я не заўважыў ў яго вачах, што нейкія пытанні яму непрыемныя. Не, гэтага не было.

Еўрарадыё: Лукашэнка не вельмі добра выказаўся ў бок Віктара Януковіча. У свой час кіраўнік Беларусі вельмі пакрыўдзіўся на свайго ўкраінскага калегу за тое, што той не запрасіў яго на гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Вам не падалося, што тая крыўда і цяперашнія дрэнныя выказванні ў бок Януковіча звязаныя?

Савік Шустэр: Ён падкрэсліў: “Гэта мой сябра, але я кажу пра яго так, як я пра яго думаю”. Я не думаю, што гэта звязана з крыўдай, я думаю, што гэта рэальна звязана з ацэнкай учынку Віктара Януковіча.

Еўрарадыё: І ўсё ж такі, якая сёння пазіцыя па Крыме кіраўніка Беларусі?

Савік Шустэр: Ён сказаў, што дэ-факта – расійскія войскі там,  Расія ўводзіць рубель, уводзіць свае законы і фактычна гэта ўжо тэрыторыя Расіі. Што гэта нават адзначылі экс-прэзідэнты Кучма і Краўчук. І што вывадам войскаў, адсутнасцю супраціву цяперашняя ўлада Украіны сама падкрэсліла той факт, што гэта тэрыторыя Расійскай Федэрацыі. І сказаў, што гэта не патрабуе ніякага юрыдычнага прызнання.

Еўрарадыё: Падзяліцеся ўражаннем – якое стаўленне Аляксандра Лукашэнкі да такіх дзеянняў у Крыме расійскіх уладаў?

Савік Шустэр: Мне вельмі складана спрабаваць аналізаваць прэзідэнта Лукашэнку. Але ў мяне склалася ўражанне, што яму гэты прэцэдэнт вельмі не падабаецца. 

Еўрарадыё: Якія ўражанні ў вас засталіся ад суразмоўцы? Параўнайце з уражаннямі ад папярэдніх сустрэч.

Савік Шустэр: У яго заўсёды былі лідарскія якасці. Гэта ведаюць як яго прыхільнікі, так і яго праціўнікі. І гэтыя лідарскія якасці ў яго засталіся. За гэтыя гады, і гэта лагічна, ён стаў больш вопытны, стаў больш абазнаны. Гэта нармальна – з узростам і вопытам становішся больш мудрым. Амаль ва ўсіх людзей так.

Еўрарадыё: Ці лічыце вы яго аўтарытарным кіраўніком?

Савік Шустэр: Ён без усялякіх сумневаў аўтарытарны кіраўнік!

Еўрарадыё: Ці можна ў гэтым сэнсе параўноўваць Пуціна з ім?

Савік Шустэр: Так ён сам сябе з ім параўнаў! Я спытаўся: “Як вы ставіцеся да таго, што вас называюць дыктатарам?”, і ён сказаў: “Я не проста дыктатар – я апошні дыктатар!” Я яму ў адказ кажу: “Зараз ужо Уладзімір Уладзіміравіч вас апярэджвае ў гэтым сэнсе”, і ён адказаў: “Так, я яму таксама гэта сказаў”. Прыкладна так гэта прагучала.

Савік Шустэр: Лукашэнку крымскі прэцэдэнт вельмі не падабаецца

Еўрарадыё: Якое яго стаўленне да дзеючай украінскай улады?

Савік Шустэр: Абсалютна прагматычнае. Ён з уладай, абранай украінскім народам, і ў прыватнасці – з Аляксандрам Турчынавым, гатовы і будзе супрацоўнічаць, і ў самым бліжэйшым часе з Турчынавым будзе сустракацца. А адносіны да ўкраінскага народа ў яго самыя цёплыя.

Фота: www.telekritika.ua


Няма запісаў для адлюстравання