25 сакавіка Лявон Вольскі прадставіў альбом «Грамадазнаўства». Пласцінку называюць «данінай павагі фэнам старога N.R.M. і тлустай рысай, якой музыка падводзіць пад прывідным беларускім «сёння»».

«Я думаю, што скончыўся час кампрамісаў, — каментуе Вольскі. — Час гандлю, прымання ўмоваў гульні, унутранага цэнзара і лавіравання. Сышоў час эзопавай мовы, схаваных сэнсаў і чытання паміж радкамі. Хацелася выказацца проста і ясна».

«Грамадазнаўства» запісвалася на віленскай студыі Ymir Audio. За музычны складнік пласцінкі адказваў нарвежскі мультыінструменталіст і саўнд-прадзюсар Снорэ Бэргеруд. Таму Лявон называе гук на альбоме «нетутэйшым і скандынаўскім», а трэкі — «камянямі ў брукаванцы».