Беларусь будзе вымушана шукаць новых партнёраў у свеце, які развіваецца

0

Напружаная сітуацыя ў шэрагу рэгіёнаў свету негатыўна адбіваецца на адносінах афіцыйнага Мінска з адпаведнымі краінамі. У прыватнасці,  Блізкі Усход і Паўночная Афрыка як напрамкі беларускай знешняй палітыкі згубілі былую значнасць.

У чарговым выпуску Беларускага знешнепалітычнага індэкса аналітыкі BISS асабліва адзначаюць выкарыстанне Мінскам новай тактыкі ў знешніх зносінах, звязанай з больш актыўнай працай беларускіх паслоў па-за дзяржавамі іх непасрэднага размяшчэння (перш за ўсё ў сумежных краінах, дзе адпаведныя паслы акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве). У студзені–лютым мелі месца кантакты такога роду з Балівіяй, Гамбіяй, Камбоджай, Бангладэш і Намібіяй.

Эксперты прагназуюць, што ў бліжэйшы перыяд Беларусь будзе вымушана – незалежна ад даўно пастаўленай агульнай задачы дыверсіфікацыі сувязяў – шукаць новых партнёраў у свеце, які развіваецца, з прычыны ўстойліва неспрыяльных умоў для працягу адносін з шэрагам ранейшых партнёраў.

Што тычыцца агульнай карціны, то варта чакаць актыўнасці беларускай дыпламатыі ў дачыненні да кансерватыўных арабскіх манархій (Аман, Катар, ААЭ), Турцыі, Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі (перш за ўсё Бангладэш, Пакістана, Шры-Ланкі, Інданезіі, малых краін Індакітая), Афрыкі на поўдзень ад Сахары (Эфіопіі, Анголы, Мазамбіка, Ганы, Нігерыі) і лацінаамерыканскіх краін з буйнымі праграмамі мадэрнізацыі (Балівіі, Эквадора).

Беларускі МЗС і іншыя ведамствы спрабуюць жорстка эканоміць, а таму весці справы праз дэлегацыі больш нізкага ўзроўню, у прыватнасці актывізаваўшы працу амбасадараў у дзяржавах, у якіх тыя акрэдытаваныя па сумяшчальніцтве. Замест эпізадычных візітаў больш высокага ўзроўню, упор будзе рабіцца на працы на месцах.

З іншага боку, Мінск спрабуе працаваць больш лакальна, і, напрыклад, у адносінах да Іраку разглядае магчымасць працы не толькі з цэнтральным урадам у Багдадзе, але і ў курдскай аўтаноміі на поўначы краіны.

Разам з тым, у МЗС ёсць праблемы з арганізацыяй працы – за апошнія месяцы ўжо два паслы (у ПАР і Францыі) публічна скардзіліся на неадэкватнасць пастаўленых перад імі задач, у тым ліку і па прасоўванні экспарту.

Аналітыкі BISS лічаць, што Беларусь будзе і ў далейшым пазбягаць «гарачых кропак» і краін, вакол якіх існуе міжнародная напружанасць, а таму не варта чакаць яе актывізацыі ў бліжэйшы час у дачыненні, скажам, да Лівіі ці Сірыі.


Няма запісаў для адлюстравання