Мікалай Статкевіч: Перад усходняй пагрозай Беларусь абсалютна бездапаможная…

6

Лісты Мікалая Статкевіча працытавала Радыё «Свабода» жонка палітвязня Марына Адамовіч.

«Вельмі хвалюе сітуацыя ва Ўкраіне, палохае, што ўсё ідзе да вайны. Украіне будзе цяжка, але яны хоць мэтанакіравана працавалі на ўмацаванне нацыі праз гісторыю і мову. А Беларусь, дзякуючы вядома каму, апошнія 20 гадоў у значнай ступені згубіла… Мэты Расіі выявіліся, і толькі „няўцямнай інтэграцыяй“ яна абмяжоўвацца не збіраецца. Наша дзяржава добра навучылася спраўляцца з праявамі ўнутранай незадаволенасці, нават самымі нязначнымі, але перад пагрозай з усходу яна абсалютна бездапаможная. Дагуляліся ў халяву, стратэгі…»

Гэта папярэдні ліст. І цяпер на тую ж тэму з апошняга ліста:

«Відавочна, што паварот украінцаў да Еўрасаюза ставіць крыж на планах Крамля пабудаваць новы цэнтр сілы. Бо адной Расіі разам з сярэднеазіяцкімі краінамі і Беларуссю для гэтага не хапае. Таму вырашылі хоць кавалак ад Украіны адкусіць. Але што будзе з эканомікай Расіі і з самой Расіяй, калі Захад увядзе рэальныя эканамічныя санкцыі? Прыйдзецца пад Кітай тады класціся?.. І які лёс цяпер чакае нашу краіну? „Беларускага балкону“ ў атачэнні НАТА? Колькі можна быць перадавым акопам, які столькі разоў ужо здавалі за апошнія 200 гадоў? Зноў улезлі. Бракуе элемэнтарнага стратэгічнага прагназавання. Толькі б прыхапіць грошай пад чарговую кампанію, а там — хоць трава не расці».


Няма запісаў для адлюстравання