Гэта адна з трагічных старонак з часоў Другой Сусьветнай вайны і беларускай гісторыі. Хатынь сталася сымбалем такога ўзроўню нечалавечнасьці, да якога толькі маглі дайсьці людзі. Хаця Хатынь, гэта не адзіная вёска, якая была спалена з жыхарамі падчас мінулай вайны, але менавіта яна сталася сымбалем нямецкага тэрору падчас акупацыі Беларусі.

Прычынай гэтай трагедыі стала сьмерць трох немцаў, сярод іх быў Ганс Вёльке, чэмпіён сьвету па кіданьні ядра на Алімпіядзе ў 1936 г. Немцы трапілі ў засаду партызан. На зьнішчэньне партызан быў скіраваны 118 паліцэйскі батальён, які быў сфарміраваны на Ўкраіне ў 1942 годзе.

Шмат хто памылкова лічыць, што гэты батальён складаўся з украінцаў і выключна нацыяналістаў. Сапраўды, часткова гэты батальён быў сфармаваны з аддзелаў 115 спэцыяльнага батальёна, у якім служылі ўкраінцы з заходніх частак Украіны. Але ў 118 батальён уваходзілі былыя вайскоўцы й афіцэры Чырвонай арміі, якія перайшлі на бок немцаў, або патрапілі ў палон і згадзіліся супрацоўнічаць з фашыстамі.

Узначальваў гэтую адзінку былы маёр польскага войска Канстантын Смоўскі, начальнікам штабу быў былы старэйшы лейтэнант Чырвонай арміі Грыгор Васюра, камандзір былы лейтэнант Чырвонай арміі Васіль Мелешко. На пачатку паліцыянты расстралялі 26 чалавек зь вёскі Козыры, якія займаліся загатоўкай лесу.

Потым, калі аб забітых немцах даведаўся штурмбанфюрэр СС Дырлевангер, ён загадаў зьнішчыць Хатынь з усімі яе жыхарамі. Брыгада Дырлевангера складалася з сацыяльных адкідаў, крымінальнікаў і злачынцаў, пазьней яна ўдзельнічала ў падаўленьні паўстаньня ў Варшаве ў 1944.

Паліцаі, на чале з Васюрам, сагналі ўсіх вяскоўцаў у калгасны амбар і падпалілі яго, а тых, хто спрабаваў зьбегчы, расстрэльвалі. Усяго загінула 149 жыхароў, зь іх 75 дзяцей малодшых за 16 гадоў.

У жывых засталося толькі 8 чалавек. Адзіны дарослы, які застаўся ў жывых, быў 56-гадовы каваль Ёсіф Каміньскі, на руках якога памёр ягоны сын Адам. Ёсіф і ягоны сын сталіся прататыпам для помніка ў Хатыні.

 
foto: radzima.org

Павал Усаў

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»