Злева – барысаўчанін, навучэнец маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, аўтар артыкула Алесь Дзямідчык. Справа – яго двайнік, жыхар Нясвіжа Максім Дзегцяроў. Фота зроблена ў Нясвіжы.

Упершыню пра тое, што ёсць падобны на мяне хлопец, пачуў ад сваёй цёткі Алены. Завуць яго Аляксей Небышынец. Цётка выкладала ў яго біялогію ў Барысаўскім політэхнічным каледжы.

– Калі я заходзіла ў аўдыторыю, мой позірк адразу спыняўся на Аляксеі, – прыгадвае яна. – Калі падчас лекцыі праходзіла каля партаў, хацелася да яго падысці і памацаць за плячо. Перашкаджала толькі адно: гэта быў не мой пляменнік, а вельмі падобны на яго хлопец. Дарэчы, і нарадзіўся ён усяго на 9 дзён пазней за пляменніка.

На расповед цёткі пра Аляксея я не звярнуў увагу, а проста праігнараваў. Толькі ўсміхаўся і тады, калі маці казала, што час ад часу ў яе на працы пытаюцца, што яе сын робіць на чыгунцы, рынку або аўтобусным прыпынку. Ёй заставалася толькі ўсіх пераконваць, што яны бачылі не мяне.

Лепшая сяброўка вырашыла, што ён – гэта я

З Аляксеем мне так і не давялося сустрэцца. Аднак літаральна некалькі тыдняў таму з’явіўся Максім Дзегцяроў.

Аднагрупніца Наталля Завадская расказвае, як яна ехала з Нясвіжа ў Маладзечна на вучобу:

– Села ў аўтобус і ўбачыла, як ты заходзіш, – кажа яна мне. – Спачатку хацела паклікаць, а потым задумалася: што ты робіш у Нясвіжы і ці ты гэта? Прыгледзелася і зразумела, што ўсё ж памылілася.

Аказалася, Наташа яго нават ведае: адпачывалі некалі разам у летнім лагеры пад Нясвіжам. Яна ўспомніла імя гэтага хлопца, і мы знайшлі яго ў інтэрнэце.

Фотаздымкі здзівілі: што тут казаць, сапраўды вельмі падобныя. А пасля размовы з Максімам, высветлілася, што падабенства ў нас не толькі ў знешнасці: мы аднаго росту і абралі адзін стыль у адзежы.

Напрыклад, мы абодва любім лета. Гэта, праўда, яшчэ ні пра што не гаворыць, бо ў каго ні спытайся, усе яго любяць. А вось тое, што мы займаемся фатаграфіяй, вучымся ў каледжы і плануем паступаць у ВНУ, ужо ўражвае.

– Сапраўды, падобныя знешне адзін да аднаго людзі існуюць, не раз сутыкаўся з гэтым у жыцці, – кажа Максім. – Аднак каб знайшоўся чалавек падобны на мяне, аднаго ўзросту, з аднолькавымі звычкамі… Вядома, гэта здзіўляе. Ніколі не думаў, што такое можа быць.

Паглядзець на двайніка – у Нясвіж

Магчымасць сустрэцца з “двайніком” не кожнаму выпадае, таму ў выхадны ў 6 раніцы я пацягнуўся на цягнік, каб дабрацца да Нясвіжа, дзе жыве Максім. Надвор’е выдалася “што трэба”: градусаў 20 марозу, а то і больш. Халадзіна страшная. Але ж цікавасць падагравала.

Сустракала мяне ў Нясвіжы Наташа, тая самая аднагрупніца, што і распавяла пра двайніка. Яна была за сведку ўсяго, што адбываецца.

І калі ў рэшце рэшт мы сустрэліся з Максімам, яна зірнула на нас і раптам разрагаталася. Мне вельмі складана ўявіць, якімі ў той момант былі нашы твары.

Што было далей? Кінуліся фатаграфавацца, каб потым было што ўнукам паказаць. Дарэчы, калі дастаў свой фотаапарат, Максім зірнуў і сказаў:

– Такая камера – мая мара, якую я хутка споўню.

Цяпер мы падтрымліваем сувязь, і гэта цудоўна. Калі мне скажуць у  наступны раз, што бачылі ў Нясвіжы, я ўсміхнуся і адкажу – гэта быў мой сябар.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»