Бо як толькі выбары — амаль усе яны становяцца абаронцамі інтарэсаў народа і кандыдатамі ў дэпутаты. А ў гэтай якасці абавязаны прадставіць дэкларацыі аб даходах.

“Народная Воля” вывучыла заробкі мясцовай эліты на прыкладзе дэкларацый тых, хто балатуецца ў дэпутаты ў Салігорскім раёне.

Самае вядомае прадпрыемства ў рэгіёне — гэта, зразумела, “Беларуськалій”. Але наш імправізаваны рэйтынг узначаліў прадстаўнік блізкага да калійшчыкаў, але прыватнага прадпрыемства — тэхнічны дырэктар ЗАТ “Салігорскі завод тэхналагічнага абсталявання” Юрый Траян. Пра такі завод мала хто чуў, выпускае ён самыя розныя здрабняльнікі, канвееры, змяшальнікі… Здаецца, дробязь усялякую. Але гадавы даход тэхнічнага дырэктара склаў 453 мільёны 816 тысяч 245 беларускіх рублёў, ці амаль 38 мільёнаў рублёў у месяц. З разліку сярэднага курса нашага рубля да долара — больш за 4 тысячы долараў штомесяц. Прама скажам, зусім не дрэнна.

Другое месяца заняў начальнік прадпрыемства, якое таксама цяжка западозрыць у вялікіх прыбытках. Ну, здавалася б, што за важнасць такая — мясцовая камунальная аўтабаза?.. Але гадавы даход дырэктара Міхаіла Казушчыка сведчыць пра зусім нядрэнны фінансавы стан — больш за 343 мільёны рублёў за год, ці ў сярэднім 28,5 мільёна рублёў на месяц.

І, нарэшце, трэці сюрпрыз. Хто б мог падумаць, што на торфе можна зарабляць большыя грошы, чым на калійных угнаеннях? Аднак гадавы даход Віктара Анікеенкі — дырэктара Старобінскага торфабрыкетнага завода склаў 313 мільёнаў 957 тысяч 835 рублёў (больш за 26 мільёнаў у месяц) і дазволіў заняць трэцяе месца ў рэйтынгу “начальнікаў-багацеяў” Салігорскага раёна.

Далей са значным адрывам амаль у 100 мільёнаў рублёў ідзе банкір Таццяна Курбыка, якая ўзначальвае мясцовы філіял «Беларусбанка”. Агульная сума яе гадавога дахода 222 мільёны 720 тысяч 786 рублёў. Такім чынам, у сярэднім на месяц у Таццяны Іванаўны атрымліваўся даход у 18,5 мільёна, ці больш за 2 тысячы долараў. Грошы, як кажуць, робяць грошы. Можа, таму працэнтныя стаўкі па крэдытах у “Беларусбанку” такія, што спусташаюць і кашалькі людзей, і банкаўскія рахункі прадпрыемстваў.

Калі сыходзіць з памеру гадавога даходу, недалёка адсталі ад банкіраў гандляры. Валерый Васілевіч, дырэктар ААТ “Салігорскгандаль”, у 2012 годзе меў гадавы даход больш за 203 мільёны рублёў, ці амаль 17 мільёнаў у месяц.

Прыблізна на гэтым жа ўзроўні аказаліся даходы намесніцы дырэктара салігорскай птушкафабрыкі Іны Талкачовай. Крыху больш за 199 мільёнаў рублёў за год, што ў пераліку на кожны месяц азначае прыблізна 16,6 мільёна. І толькі пасля яе з’яўляецца ў нашым спісе начальства з “Беларуськалія”. Дзяніс Бялькевіч, праўда, не такі ўжо высокі начальнік. Усяго толькі старшыня прафкама рудніка 4-га ўпраўлення. Нагадаем, што мінулы год для калійшчыкаў быў не лепшым, аб’яднанне перажывала цяжкія часы, руднікі нават часткова спынялі працу. Тым не менш гадавы даход дробненькага прафсаюзнага “босіка” — без малога 178 мільёнаў рублёў, ці ў сярэднім 14,8 мільёна рублёў у месяц.

Праблемная сфера — ахова здароўя. Пра нізкія даходы ўрачоў, якія неабходна тэрмінова павышаць, гаворыцца ўжо на самым высокім узроўні. Аднак Аляксандр Лапуста, галоўны ўрач Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы, прадэманстраваў вельмі нядрэнныя паказчыкі, задэклараваўшы гадавы даход у 170 мільёнаў 75 тысяч 565 беларускіх рублёў. Такім чынам, сярэднямесячны даход спадара Лапусты ў мінулым годзе склаў 14 мільёнаў, што значна больш, чым у сярэднім па галіне.

Не будзем спрачацца, ці справядліва ацэнена праца галоўнага ўрача, а вось што тычыцца даходаў старшыні раённага Савета дэпутатаў, то тут многія зададуцца пытаннем: “За што?” Пасада Лідзіі Клішэвіч, прама скажам, не адказная, не рызыкоўная, а ўсяго толькі намінальная. Тым не менш “грашовая кампенсацыя” за гэта зусім не дрэнная — гадавы даход амаль у 153 мільёны рублёў (12,75 мільёна ў месяц, ці ў сярэднім амаль паўтары тысячы долараў). Нават начальнікі-міліцыянеры зарабляюць крыху менш. Так, Віталь Сіротка, намеснік начальніка Салігорскага РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, меў гадавы даход 148 мільёнаў 383 тысячы 160 рублёў (ці больш за 12 мільёнаў рублёў на месяц).

Нядрэнна быць у Салігорску і журналістам (не апазіцыйным). Так, Аляксандр Разнярыца ўзначальвае мясцовы камунальны тэлеканал. Яго гадавы даход аказаўся вышэйшы за 133 мільёны. Гэта нават больш, чым меў Уладзімір Ефанкоў — начальнік Салігорскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Ягоны задэклараваны гадавы даход — 131 мільён 188 тысяч 373 рублі.

Далей у нашым рэйтынгу апынуўся ваенны камісар Салігорскага раёна Валерый Заінчкоўскі. Ён меў гадавы даход 125 мільёнаў 435 тысяч 640 рублёў, альбо ў сярэднім 10,5 мільёна рублёў у месяц.

Тое, што заробкі прадстаўнікоў міліцыі, ваенных, кіраўніцтва раённай улады перасягнулі планку ў тысячу долараў, шчыра кажучы, не здзіўляе. Але, аказваецца, не нашмат меншыя заробкі маюць і кіраўнікі школ, хаця размовамі пра мізэрныя заробкі настаўнікаў, здаецца, хутка панаціраем на языках мазалі. Але вось афіцыйныя дэкларацыі і лічбы з іх. Дырэктар салігорскай школы №2 Алена Карысташова мела гадавы даход у 121 мільён 256 тысяч 467 беларускіх рублёў. Лёгка падлічыць, што гэта таксама больш за 1 тысячу долараў у месяц.

Ілона Гражынская, намесніца генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы ААТ “Купалінка”, у мінулым годзе мела даход у 119 мільёнаў 566 тысяч 210 рублёў, ці ў сярэднім 9,9 мільёна рублёў у месяц. Пры гэтым Гражынская ўсё ж працуе не ў школе, а ў кіраўніцтве аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў канцэрна “Беллегпрам”, якое выпускае трыкатаж, вядомы далёка за межамі Беларусі. Як кажуць, ёсць над чым падумаць…

Але падобна на тое, што планка ў тысячу долараў заробку — гэта быў нейкі неафіцыйны мінімум для мясцовых кіраўнікоў. Вось, напрыклад, стратная, бедная, датуемая з бюджэту жыллёва-камунальная гаспадарка. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы мясцовага прадпрыемства “ЖКГ “Комплекс” Валянціна Пратасеня таксама мела даход на ўзроўні амаль тысячы долараў у месяц. Калі больш дакладна — 105 мільёнаў 475 тысяч 322 рублі  за год, ці ў разліку на месяц 8,8 мільёна.

Прыблізна такі ж даход меў і Алег Шчэрбаў, які ўзначальвае мясцовую дзіцячую школу мастацтваў, і кіраўнік аграпрадпрыемства “Белслуч” Марат Вайтовіч, і галоўны ўрач Салігорскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Калеева, і старшыня сельсавета аграгарадка “Акцябр” Ірына Бас, і яе калега з Капацэвіцкага сельсавета Ларыса Жыбурт… Усе гэтыя кіраўнікі зараз балатуюцца ў дэпутаты мясцовых Саветаў, прычым, як правіла, выбары па іх акругах пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове.

Як сведчыць наш рэйтынг, сфера сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва — найбольш занядбаная. Тут заробкі кіраўнікоў, зразумела, вышэйшыя, чым сярэднія па краіне, але на ўзроўні раённага начальства адны з самых нізкіх.

Так, Марына Кобер — дырэктар Салігорскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання — мела гадавы даход у 86 мільёнаў 650 тысяч 92 рублі (ці ўдвая менш, чым каляжанка-дырэктар звычайнай школы).

Ніна Новікава, таксама кандыдат у дэпутаты, узначальвае ў райвыканкаме ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Яе гадавы даход 84 мільёны 253 тысячы 500 рублёў. Гэта значыць, у сярэднім 7 мільёнаў на месяц і адно з апошніх месцаў у нашым імправізаваным рэйтынгу.

Юлія Мурына ўзначальвае Салігорскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага аблугоўвання насельніцтва. Агульная сума гадавога даходу — 77 мільёнаў 384 тысячы 18 рублёў (ці прыблізна 6,5 мільёна рублёў у месяц). Калі браць у цэлым па краіне, то гэта вышэй за сярэдні ўзровень. Але калі ўспомніць памер даходаў кіраўніка мясцовай аўтабазы, то Юліі Георгіеўне павінна быць вельмі крыўдна. Розніца ў чатыры разы!

Зрэшты, плакаць кіраўніцам-сацработнікам таксама няма чаго. Возьмем для параўнання не начальства, а кандыдата ў дэпутаты, які займае звычайную сярэднюю пасаду. Вось, напрыклад, Таццяна Кукрэш, таксама мясцовы кандыдат у дэпутаты, з’яўляецца загадчыцай аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду цэнтральнай раённай бібліятэкі. Агульны гадавы даход у яе склаў 374 мільёны 520 тысяч 897 рублёў. На першы погляд цудоўны паказчык. Але, як высветлілася, у гэтай суме больш за 329 мільёнаў рублёў не заробак, а грошы ад прададзенай кватэры. Такім чынам, даход ад заробку склаў 45 мільёнаў за год, ці 3,75 мільёна ў месяц. Калі спадарыня Кукрэш стане дэпутатам і даб’ецца, каб такі заробак быў прызначаны старшыні раённага Савета дэпутатаў, то толькі тады можна спадзявацца, што нешта ў раёне і краіне зменіцца.


(«Народная Воля» за 25 лютага 2014 г.)

Поделиться ссылкой: