Пошліны на аўтамабілі знізяць толькі для юрыдычных асобаў

“Утылізацыйны збор на аўтамабілі ўжо з 1 сакавіка. Абгрунтаванне зразумелае — уніфікацыя правіл з Расіяй і Казахстанам, якія такі збор ужо ўвялі”, — перадае беларускае тэлебачанне. Але Казахстан гэты збор адмовіўся ўводзіць, і гэта вядомы факт.

Беларусь, падобна як з пераводам стрэлак, паўтарае за Расіяй. Што ж зменіцца для беларусаў?

“Утылізацыйны збор і пошліны цалкам уніфікаваныя з РФ. Усё гэта ўводзіцца адначасова з 1 сакавіка”, — кажа намеснік міністра прамысловасці Генадзь Свідзерскі.

Плаціць збор трэба толькі адзін раз. Потым вас занясуць у базу і ўсе наступныя пакупнікі аўтамабіля будуць вызваленыя ад выплаты збору. Калі машына з Еўропы, то збор давядзецца заплаціць разам з пошлінай на мяжы, тлумачыць старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.

“Калі з Расіі, то можна прывезці аўтамабіль і прадаць іншаму да рэгістрацыі і не плаціць збор. Калі вы захочаце паставіць на нумары, то збор заплаціце вы”.

Разам з увядзеннем збору зніжаюцца мыты на легкавушкі на 5%. Але толькі на новыя аўтамабілі і толькі для юрыдычных асобаў.

Сяргей Міхневіч: “Гэта зніжэнне ўмоўна перакрывае экалагічны збор. Калі машына каштуе ў раёне 25 тысяч долараў, то збор перакрывацца зніжэннем мыты. Калі машына даражэйшая, то збор будзе меней за зніжэнне мыты — такія аўтамабілі могуць патаннець. Калі машына таннейшая, то ўтылізацыйны збор будзе вышэйшы, чым зніжэнне мыты — такія аўтамабілі падаражэюць”.

Новыя аўтамабілі з Расіі стануць толькі даражэйшымі. Бо мыты на іх няма, а ўтылізацыйны збор з’явіцца.

Мы ж можам суцішыцца толькі тым, што ўтылізацыйны збор не вялікі — 57,5 долара за аўтамабіль да 3 гадоў і 86,3 долара за аўтамабіль старэйшы за 3 гады.

Для юрыдычных асобаў усё складаней. Сума ўтылізацыйнага збору не фіксаваная, а залежыць ад памера рухавіка. Разлічваецца ад сумы 5 мільёнаў 580 тысяч (20 тысяч расійскіх рублёў) па каэфіцыентах.

Пошліны на аўтамабілі знізяць толькі для юрыдычных асобаў

Сяргей Міхневіч: “Гэта практычна спыняе бізнес юрыдычных асобаў з патрыманымі аўтамабілямі. Утылізацыйны збор проста забараняльны”.

А дакладней, на Volkswagen Polo з рухавіком 1,6 літра ўтылізацыйны збор будзе 4752 долары, разам з пошлінай атрымаецца каля 13000. Пры гэтым новы аўтамабіль каштуе 17 тысяч долараў!

Такі самы аўтамабіль для фізічнай асобы абыйдзецца ў 5600 долараў (мытная пошліна і ўтылізацыйны збор).

Відавочна, што юрыдычныя асобы прадаваць ужываныя аўтамабілі перастануць і гэтым зоймуцца “перагоншчыкі”. А вось прыганяць новыя аўтамабілі фізічным асобам няма ніякага сэнсу.

“За новы аўтамабіль фізічная асоба плаціць мыту не ад мытнага кошту, а ад рознічнага кошту, а юрыдычная асоба, якая з’яўляецца афіцыйным імпарцёрам, — ад інвойснага кошту, які і побач не стаяў з рознічным. Такім чынам, пра пакупку новага аўтамабіля фізічнай асобай за мяжой гаворкі не ідзе”, — кажа эксперт з кампаніі “Атлант-М” Дзмітрый Перлін.

Наш Volkswagen Polo разам з утылізацыйным зборам стане ў 8275 долараў плюс 17 тысяч долараў (кошт самога аўто ў Германіі).

Для юрыдычных асобаў кошты новых аўтамабіляў з-за мяжы істотна не зменяцца, лічыць Дзмітрый Перлін.

“Калі гэта аўтамабіль з Расіі, то кошт на яго вырасце недзе на 800 долараў”.

А дакладней, утылізацыйны збор на наш Volkswagen Polo складзе 770 долараў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»