Пасол Ізраіля ў Беларусі: Выйшла непаразуменне…

5

Кніга ўяўляе сабой зборнік твораў беларускіх аўтараў, якія ў розныя гады былі прызнаныя палітзняволенымі, у тым ліку Уладзіміра Някляева, паведамляе www.belapan.by.

Апазіцыйны палітык таксама перадаў дыпламату ліст, адрасаваны прэм’ер-міністру Ізраіля Біньяміну Нетаньяху.

У ім Някляеў просіць кіраўніка ізраільскага ўрада адказаць на пытанне: ці з’яўляецца нядаўняя заява пасла Іосіфа Шагала, што тычылася палітзняволеных у Беларусі, афіцыйнай пазіцыяй Дзяржавы Ізраіль.

Спачатку прадстаўнікі аховы ізраільскага пасольства сказалі Някляеву, што самі перададуць паслу кнігу і ліст, але палітыка гэта не задаволіла, і ён дабіўся асабістай сустрэчы з Іосіфам Шагалам. Ужо ў будынку пасольства ахова старанна праверыла зборнік. 

Пасля сустрэчы з паслом Уладзімір Някляеў расказаў, што Іосіф Шагал сустрэў яго гасцінна. Паводле слоў палітыка, пасол прызнаў, што «выйшла непаразуменне: ён сказаў адно, а журналісты зразумелі не так». 

Паводле слоў Някляева, дыпламат таксама заявіў пра гатоўнасць сустрэцца ў любы час з лідарамі беларускай апазіцыі, каб «вызначыць пазіцыі».

Нагадаем, інтэрв’ю з Іосіфам Шагалам было паказанае тэлеканалам RTVI 6 лютага, праз некалькі дзён размешчанае на сайце youtube.com і атрымала шырокі грамадскі рэзананс. У інтэрв’ю пасол пракаментаваў сітуацыю з беларускімі палітвязнямі. Ён, у прыватнасці, заявіў: «З пункту гледжання нашага, яны — крымінальнікі, таму што ў іх ёсць артыкул — за хуліганства, за кіданне камянёў, за знявагу ўлад ну і гэтак далей». На ўдакладняльнае пытанне журналісткі, якая пазіцыя Ізраіля, як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе, у дачыненні да праблемы палітзняволеных у Беларусі, Шагал адказаў: «Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не па палітычным. За атаку парламента, за кіданне камянёў». 

12 лютага, каментуючы БелаПАН свае выказванні, Іосіф Шагал заявіў: «Па сутнасці мне няма чаго дадаць да майго інтэрв’ю тэлеканалу RTVI, працытаванага вашым парталам.

Адзіны нюанс: калі б у мяне была магчымасць адрэдагаваць усё сказанае ў інтэрв’ю, я б памяняў назоўнік «крымінальнік» на выраз «грамадзянін, які асуджаны па артыкуле Крымінальнага кодэкса».


Няма запісаў для адлюстравання