Па падліках Данейкі, усяго ў Беларусі 36 прадстаўнікоў так званых “схаваных пераможцаў”.

“Усе мы добра ведаем багатых бізнесменаў з Расіі і Украіны, — гаворыць Данейка. — Амаль усе яны стварылі свой бізнес дзякуючы прыватызацыі. Гэта значыць, што самі яны нічога не стварылі: ні новых інавацыйных тэхналогій, ні новых мадэляў бізнесу. Можна сказаць, што ў іх няма сваіх Стываў Джобсаў і Білаў Гейтсаў. А ў нас ёсць”.

У беларусаў не было такой магчымасці лёгкага ўзбагачэння.

“Усе нашы бізнесмены выйшлі з інстытуцкіх і ўніверсітэцкіх лабараторый, — працягвае эканаміст. — Калі адбыўся распад СССР, многім прыйшлося неяк забяспечваць сям’ю і шукаць сабе працу ды імкнуцца скарыстаць свае веды і ідэі. Многія з іх не цураліся самых розных работ. Але жаданне і ўдача былі на іх баку. Гэта людзі, адданыя сваім ідэям і свайму бізнесу. Бывала, што падчас апытанняў яны па некалькі гадзін распавядалі пра тое, як у іх усё ўладкавана, як усё працуе. Цікава, што ва ўмовах, калі не было ніякіх рэформ, а быў толькі ціск з боку дзяржавы, змог сфарміравацца эфектыўны і канкурэнтаздольны бізнес”.

Беларускіх бізнес-лідараў, паводле расповеда Паўла Данейкі, можна падзяліць на некалькі груп. Першыя стварылі свой бізнес дзякуючы вытворчасці той прадукцыі, якой не было ў СССР. Да іх адносяцца, напрыклад, вытворцы розных відаў упакоўкі. Шмат часу ім прыйшлося папрацаваць прадаўцамі свайго прадукту.

Другія выйшлі са сферы машынабудавання. У іх былі ўнікальныя ідэі, якія дапамаглі заваяваць сусветны рынак.

Трэція — тыя самыя аспіранты, што стваралі высокатэхналагічны бізнес, аддаючы шмат часу і грошай на даследаванні. Многія з іх працуюць пад дэвізам “Еўрапейская якасць па кітайскай цане”.

“Калі ж складаць нейкую сярэднестатыстычную мадэль, то беларускі “схаваны пераможца” — гэта мужчына, якому больш за 40 гадоў, а многім значна больш, — малюе партрэт паспяховага бізнесмена Павел Данейка. — Сярод іх усяго адна дзяўчына, але гэты бізнес перадаў ёй бацька”.

Назваць імёны і віды дзейнасці нашых лідараў малога і сярэдняга бізнесу Павел Данейка не змог: “Таму яны і называюцца “схаваныя”. Паводле слоў эканаміста, усе гэтыя людзі вельмі не хочуць публічнасці.

“Па-першае, ім не патрэбна шмат увагі з боку падатковых службаў, — прагучала на лекцыі. — Па-другое, яны займаюць сваю нішу, у якой у іх вельмі мала канкурэнтаў, таму навошта ім дзяліцца сваімі ідэямі з іншымі? Магу толькі сказаць, што, напрыклад, амерыканскія паліцэйскія лічыльнікі радыяцыі вырабляюцца менавіта ў Беларусі. Але для амерыканцаў дадзены факт не з’яўляецца плюсам! Многія нашы суайчыннікі не заўсёды кажуць, дзе была выраблена іх прадукцыя”.

На думку эканаміста, першая хваля такіх “схаваных пераможцаў” ужо сышла і асяроддзя для стварэння другой хвалі такого бізнесу няма.

“Зараз усе спадзяванні на прадстаўнікоў IT-сектара, у якім нашы прадпрымальнікі адчуваюць сябе вельмі добра, — гаворыць Павел. — Тым больш што сёння беларусы дэманструюць поспехі не толькі ў афшорным праграміраванні, але і ў стварэнні канчатковага прадукту. Лічу, што менавіта тут з’явяцца новыя лідары беларускага бізнесу”.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»