Нагадаем, што, згодна з рашэннем Савета факультэта, на пасаду дацэнта не была абрана кандыдат гістарычных навук Іна Соркіна.

“Гродзенская бібліятэка” паведаміла ў “Фэйсбуку”: «Няма іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць (іначай назваць нельга) з універсітэта навукоўца і выкладчыка, які мае 70 навуковых публікацый за апошнія пяць гадоў. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з працы аўтара выдатнай манаграфіі «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX стст.». Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта калегу, якая даводзіла несправядлівасць і шкоднасць для беларускай навукі і прэстыжу ўніверсітэта звальнення гісторыкаў Вячаслава Шведа і Андрэя Чарнякевіча».

У адміністрацыі ўніверсітэта “Народнай Волі” паведамілі, што гэта было не звальненне Іны Соркінай, а абранне на конкурснай аснове, але канчатковае рашэнне будзе прынята Саветам універсітэта 27 студзеня. І яго прынялі…

— Я падала апеляцыю на рашэнне Савета факультэта, але камісія па прававых і сацыяльных пытаннях універсітэта не знайшла парушэнняў, на якія я ўказвала, — распавяла ўчора Іна СОРКІНА. — Такім чынам, Рада ўніверсітэта зацвердзіла рашэнне факультэта.

— На якія парушэнні вы спасылаліся?

— Напрыклад, на працэдурныя. На пасяджэнні кафедры не было абмеркавання кандыдатур, не ўсе кандыдаты там прысутнічалі. На Савеце факультэта не агучылі звесткі пра павышэнне кваліфікацыі кандыдатаў за апошнія пяць гадоў…  Можа гэта і нясціпла казаць, але з 11 кандыдатаў, якія прэтэндавалі на 8 пасад, мае навукова-педагагічныя паказчыкі былі абсалютна лепшыя, таму я ўказала на неадпаведнасць мэты конкурсу і яго вынікаў. Аднак маем тое, што маем.

— Што далей?

— Далей — маё звальненне з універсітэта, хоць я з’яўляюся кіраўніком дзяржбюджэтнай тэмы і ў рэктара ёсць усе падставы не звальняць мяне, а перавесці на пасаду навуковага супрацоўніка. Але відавочна, што мяне звольняць.

— Вырашылі, чым будзеце займацца?

— Планаў шмат, я буду працягваць навукова-педагагічную дзейнасць. Проста ўжо ў іншых формах і, магчыма, у іншым месцы. Навука застанецца са мной.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»