На мясцовых выбарах кампанія «Гавары праўду!» выступае з праграмай «Зручны горад», і ў Мінскі гарсавет яна вылучыла 17 кандыдатаў. Увесь час, што праходзіў пікет, яго здымалі на камеры людзі ў цывільным.

Прадстаўнік выбарчай камісіі Савецкага раёна Мінска Пётр Салаўёў таксама завітаў на пікет. «Я прыйшоў паглядзець, як збіраюць подпісы за кандыдатаў», — заявіў ён. І адразу ўбачыў парушэнні: маўляў, збор подпісаў за ініцыятыву «Народны рэферэндум», які праводзіўся кандыдатамі, парушае Выбарчы кодэкс. Праўда, якую канкрэтна норму Выбарчага кодэкса парушае збор подпісаў, спадар Салаўёў адказаць не змог.

Мінакі, якія сабраліся каля пікету кампаніі «Гавары праўду!», на з’яўленне прадстаўніка выбаркама адрэагавалі няветліва, пачалі абараняць пікетчыкаў, патрабаваць правядзення сумленных выбараў. Канкрэтна — абсталяваць участкі празрыстымі урнамі, дазволіць маніторынг падліку галасоў і не знішчаць бюлетэні адразу пасля выбараў. Пасля спрэчак з абуранымі людзьмі прадстаўнік выбаркама рэтыраваўся да пікетаў праўладнай РГА «Белая Русь», якія стаялі побач, але асаблівай цікавасці мінакоў не выклікалі.

ДАРЭЧЫ

Лідару кампаніі “Гавары праўду!”, былому кандыдату ў прэзідэнты Уладзіміру Някляеву давялося адказваць на пытанні, якія тычацца не толькі выбараў у мясцовыя Саветы, але і прэзідэнцкіх. «Не хачу быць кандыдатам ад апазіцыі — ні адзіным, ні двуадзіным, ні трыадзіным, — заявіў Някляеў. — Хачу быць кандыдатам ад большасці».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»