Лукашэнка расказаў, як прызначаў Мальцава на пасаду старшыні Памежнага камітэта

4

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасяджэнне не выкліканае нейкімі надзвычайнымі абставінамі. “Але сітуацыя ў памежным камітэце далёкая ад той, якую я хацеў бы бачыць як кіраўнік дзяржавы”, — перадае БЕЛТА яго словы.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, як прызначаў генерал-палкоўніка Леаніда Мальцава на пасаду старшыні Памежнага камітэта. Па словах Лукашэнкі, нейкі час таму ў яго адбылася мужчынская размова з кіраўнікамі сілавых ведамстваў і шэрагам іншых службовых асоб. Яна была выкліканая чарговым парушэннем парадку на мяжы: “І гэта было ўжо цераз край. Я тады Леаніду Сямёнавічу сказаў: яшчэ адно падобнае парушэнне — і ці вам, ці мне давядзецца ісці ў памежныя войскі. Ён кажа: гэта не справа прэзідэнта, значыць, я пайду. Такое парушэнне было дапушчана з цягам часу, і Леаніду Сямёнавічу прыйшлося выконваць абяцанае. Вось прычына таго, што генерал-палкоўнік Мальцаў быў накіраваны на мяжу для таго, каб, непасрэдна узначальваючы гэтае ведамства, выявіць тыя пагрозы, недахопы, якія сёння існуюць, і навесці парадак. Гэта даручэнне прэзідэнта ён выканае, чаго б яму гэта ні каштавала”.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён сам служыў у памежных войсках, і гэта войскі асаблівыя, “яны дзейнічаюць ў баявой абстаноўцы”. Таксама Лукашэнка звярнуў увагу на шэраг фактараў, якія ўплываюць на працу на мяжы: “Мы заўсёды знаходзімся на пярэднім краі і абараняем тут ужо не толькі свае інтарэсы, але і інтарэсы Расіі ды Казахстана. Таму што інтэграцыйныя працэсы прывялі да таго, што ў нас утварылася адзіная эканамічная прастора, — чытай: адзіная эканамічная дзяржава. І вы тут у судакрананні з Захадам і блокам NATO несяце адказную службу”.

Фота — belta.by


Няма запісаў для адлюстравання