Аляксею Янукевічу адмовілі ў рэгістрацыі абедзвюх ініцыятыўных груп

5

Лідэру Партыі БНФ Аляксею Янукевічу адмоўлена ў рэгістрацыі абедзвюх ініцыятыўных груп па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета – як па месцы жыхарства ў Заводскім раёне , так і ў Першамайскім раёне, дзе знаходзіцца штаб-кватэра партыі.

Згодна з артыкулам 60 Кодэксу, грамадзянін можа вылучацца кандыдатам у дэпутаты мясцовага савету толькі па адной выбарчай акрузе адпаведнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Такая навіна ў заканадаўстве з’явілася ўвосень 2013 года.

Між тым лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначае, што забарона рэгістрацыі некалькіх ініцыятыўных груп не вынікае з тэксту гэтага артыкула Выбарчага кодэкса, бо вылучэннем кандыдата ёсць падача сабраных подпісаў выбаршчыкаў, а не рэгістрацыя ініцыятыўнай групы. У часе мінулых парламэнцкіх выбараў 2012 года апазіцыя шырока выкарыстоўвала этап збору подпісаў дзеля працы з грамадствам, у тым ліку праз рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у некалькіх акругах.

“Праз такую трактоўку абноўленай рэдакцыі Выбарчага кодэкса ўлады яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці апазіцыйных партыяў для камунікацыі з выбаршчыкамі, прыбіраючы адну з нормаў, якой апазіцыя карысталася на этапе збору подпісаў. Такім чынам улады імкнуцца не дапусціць пераўтварэння мясцовых выбараў у паўнавартасную агульнанацыянальную палітычную кампанію. Мы з гэтай трактоўкай не згодныя і будзем абскарджваць рашэнні акруговых камісіяў у Мінскай гарадской камісіі, а пры патрэбе — і ў судовых інстанцыях. Таксама я планую скарыстацца шляхам партыйнага вылучэння і буду вылучацца ў Мінскі гарсавет ад Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ”, — цытуе  Аляксея Янукевіча прэс-служба партыі.


Няма запісаў для адлюстравання