Палітвязень Мікалай Статкевіч накіраваў у генпракуратуру ліст, які назваў «рацыяналізатарскай прапановай».
Пра гэтую ініцыятыву паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч. Паводле яе, Мікалай Статкевіч чатыры разы запар адпраўляў у пракуратуру скаргі на сваіх турэмшчыкаў, і кожны раз гэтыя скаргі перадаваліся ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, то бок тым, на каго скардзіўся палітвязень.
«У пятай скарзе Мікалай Статкевіч выказвае вось такую ініцыятыву, а зэканомленыя грошы і ганарар за рацыяналізатарскую прапанову просіць адправіць ў бюджэт краіны», — кажа Марына Адамовіч.
Таксама ў апошнім лісьце, паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч паведаміў, што напярэдадні сустрэчы Новага году па камэрах магілёўскай турмы, дзе яго трымаюць, ахоўнікі разьнесьлі яловыя галінкі. Сваю галінку Статкевіч і ягоны сукамэрнік упрыгожылі, чым змаглі. Атрымалася маленькая сьвяточная ялінка, зь якой яны і сустрэлі Новы год.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Мікалай Статкевіч сваёй віны ў судзе не прызнаў.