Кузняцоў: Гэта ганьба нашай дзяржавы — за 25 гадоў яна не выканала ніводзін пункт свайго рашэння аб увекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій

7

Напярэдадні прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты” і Мінскага аддзялення міжнароднага таварыства “Мемарыял” правялі брыфінг, прысвечаны юбілею гэтага дакумента, ніводзін пункт якога не выкананы.

“Гэта адзіны нарматыўны акт урадавага ўзроўню, які быў прыняты з мэтай увекавечання памяці ахвяр рэпрэсій, — нагадаў у інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік Мінскага аддзялення “Мемарыяла”, гісторык Ігар Кузняцоў. — Ён прадугледжваў аб’яўленне конкурсу праектаў, стварэнне мемарыяла, Нацыянальнай акадэміі навук было даручана правесці даследаванне праблем, звязаных з гісторыяй рэпрэсій, а выдавецтву “Беларуская энцыклапедыя” — падрыхтаваць выданне, у якім быў бы адлюстраваны гэты перыяд. Таму сённяшняя сустрэча — сведчанне ганьбы нашай дзяржавы, якая за 25 гадоў не выканала ніводзін пункт свайго ж рашэння”.

На думку Кузняцова, такім адносінам улад да памяці ахвяр тэрору няма аб’ектыўных прычын. Затое ёсць прычыны суб’ектыўныя, гэта гістарычныя паралелі — рэпрэсіўная палітыка савецкай улады і працяг рэпрэсій у сучаснай Беларусі. Гэта значыць мадэль беларускай ідэалогіі  — гэта копія савецкай мадэлі, разбаўленая інфармацыяй, закліканай надаць ёй больш прыцягальны характар, мяркуе гісторык.

“Але ж гэта гісторыя краіны, — працягвае Кузняцоў, — і сённяшняе кіраўніцтва краіны не нясе непасрэднай адказнасці за тое, што здарылася тады. Але яна нясе прамую адказнасць за невыкананне сваёй пастановы, за ўтойванне праўды аб рэпрэсіях”.

Паводле слоў кіраўніка мінскага “Мемарыяла”, не выключана сітуацыя, што ўсе парушэнні з ахоўнымі зонамі Курапатаў будуць прыведзеныя ў адпаведнасць з дзеючым заканадаўствам і яны апынуцца ў зоне рэгулюемага будаўніцтва, а не ў ахоўных зонах.

Кузняцоў выказаў надзею, што ў сувязі з прызначэннем у Мінск новага патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Паўла, які дагэтуль рабіў адкрытыя антысталінскія заявы, “праваслаўная царква павернецца тварам да праблемы і пакажа прыклад дзяржаве”.

Фота БелаПАН

Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Няма запісаў для адлюстравання