Аб гэтым паведаміла ў Фэйсбуку Гарадзенская бібліятэка.

Як адзначаецца, Іну Соркіну звольніла Рада факультэта гісторыі, турызму і камунікацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дацэнт мае тыдзень, каб падаць апеляцыю на рашэнне Рады. Цягам месяца апеляцыя будзе разгледжана рэктарам і Радай універсітэта.

«Няма іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць (іначай назваць нельга) з універсітэта навукоўца і выкладчыка, якая мае 70 навуковых публікацыяў за апошнія пяць год. Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з працы аўтара выдатнай манаграфіі «Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX стст.» Не існуе іншых прычын, акрамя палітычных, выкідаць з універсітэта калегу, якая даводзіла несправядлівасць і шкоднасць для беларускай навукі і прэстыжу ўніверсітэта звальнення гісторыкаў Вячаслава Шведа і Андрэя Чарнякевіча», — адзначаюць калегі ў паведамленні.

Як і Швед і Чарнякевіч, Соркіна належала да кагорты найлепшых знаўцаў гісторыі Беларусі.

Дакладныя матывіроўкі звальнення Соркінай яшчэ невядомыя, сама яна адмаўляецца ад каментароў. Яна нават не хацела, каб інфармацыя пра звальненне разыходзілася, пакуль не будзе разгледжана апеляцыя.

Былы кіраўнік Гродзеншчыны Сямён Шапіра ў свой час прызнаў, што звольніць Чарнякевіча загадаў асабіста ён. Пры гэтым, па словах Шапіры, «чорны спіс» навукоўцаў і прафесуры склаў для яго КДБ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»