Мінчане прызвычаіліся да карціны, калі побач з пустымі аўтамабілямі таксі стаяць гуртком кіроўцы і вядуць размовы, каб нечым заняцца ў чаканні кліента. Здавалася б, цалкам ідэалістычная карціна, калі не задумвацца, што людзі марнуюць свой час. Што ж прымусіла таксістаў пайсці на такія крокі?

…Каля гандлёвага цэнтра “Замак” сабралася некалькі кіроўцаў таксі. Машын больш за дзясятак, а кліентаў — ніводнага. Сярод прысутных адзін з арганізатараў акцыі Аляксей Платонаў. Ён расказвае, што таксісты вылучаюць тры асноўныя патрабаванні: павысіць тарыфы, увесці квоты на колькасць суб’ектаў і ўдасканаліць кадравую палітыку:

Мінімальная паездка на таксі павінна каштаваць не менш за 50 тысяч рублёў. Тыя тарыфы, якія цяпер існуюць 25 ці 30 тысяч, — гэта праца дзеля самой працы. Таксіст сёння за свой заробак можа толькі харчавацца і плаціць камунальныя паслугі. Набыць сабе элементарнае — больш-менш прыстойную вопратку ці нейкую тэхніку — мы не ў стане. А трэба ж яшчэ і сям’ю карміць. Што да квот, дык вы паглядзіце, колькі іншагародніх працуе сёння на сталічных вуліцах. Можна сказаць, што іх недзе 40%. Яны прыязджаюць у сталіцу ў пошуках заробку, а на фоне рэзкага змяншэння колькасці пасажыраў з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі і нам не даюць зарабляць, і самі ледзь канцы з канцамі зводзяць. Што да кадравай палітыкі, то тут трэба наладзіць кантроль. І гэта не проста пажаданне. Размова ідзе пра бяспеку пасажыраў на дарозе. Учора хлопчык на вёсцы атрымаў правы, а сёння ён прыехаў у сталіцу, узяў машыну ў арэнду і думае, што можа працаваць таксістам. Паглядзіце статыстыку ДТЗ з таксі, і вам стане зразумела, што далей так быць не можа. У нас жа ўжо ноччу на пустым перакрыжаванні ўмудраюцца біцца машыны таксі.

Адразу ўзгадала жоўтыя “Волги” з шашачкамі савецкіх часоў. Вялізныя чэргі на прыпынках таксі, аб’явы, што ветэраны ВОВ, інваліды і пасажыры з малымі дзецьмі абслугоўваюцца без чаргі. Не абыходзілася без эксцэсаў, калі нахабнікі спрабавалі перахапіць пад’ехаўшую машыну. Людзі памятаюць, наколькі цяжка было выклікаць таксі ў рэстаран, а ўжо пра святочныя дні, калі сем’ямі вярталіся з гасцей, і казаць няма чаго. Уладкавацца на працу ў таксі можна было толькі па вялікім блаце. Таксісты хочуць, каб такое паўтарылася?.. Але гэта з аднаго боку. З іншага — працаваць у таксі было прэстыжна, але не так і проста. У таксапарках былі атэстацыі, да якіх рыхтаваліся, як да экзамена. Сталічны таксіст павінен быў з заплюшчанымі вачыма распавесці самы кароткі шлях да названага адраса і нават сказаць, ці ёсць у тым доме карпусы. А цяпер?

Павел Рыжанкоў, таксіст:

Ужо нікога не здзіўляе, калі таксіст запытвае, дзе знаходзіцца, напрыклад, філармонія. Ніхто не здзіўляецца, калі таксіст просіць пасажыра паказаць дарогу. Далёка ж не ўсе кіроўцы маюць навігатар. Чаму так атрымліваецца? Таму што кіраўніцтва таксапарка не хвалюе, ці ведае кіроўца горад. Нікога не хвалюе, наколькі дысцыплінавана ён паводзіць сябе на дарозе, наколькі ён увогуле можа кантактаваць з пасажырамі. Колькі народу скардзіцца на звычайнае хамства з боку гора-кіроўцаў ці адсутнасць чысціні ў салоне?! Можна ехаць у тэатр у вячэрнім касцюме, а выйсці з машыны, як з бруднага трактара. Сёння сталічнае таксі — гэта рулетка: пашанцуе — і добра. Можна ж сесці ў машыну да чалавека, які толькі ўчора прыехаў з нейкага раённага цэнтра. А дарожны рух там і ў двухмільённым горадзе адрозніваецца. Я лічу, што ўсім гэтым трэба заняцца тэрмінова.

Аляксандр Новікаў працуе ў таксі 8 гадоў. Ён лічыць, што трэба абгрунтавана падысці да вызначэння тарыфаў.

— Правільна было б, калі б сыходзілі з нормы “адзін кіламетр — адзін літр бензіну” (няхай самага таннага). Трэба распрацаваць нейкі адзіны падыход. Вось мы стаім — таксісты са службаў 135, 152, 155, 7788 і г.д. Але ва ўсіх пытанне набалела, і яго трэба вырашаць тэрмінова. Так, нехта скажа, што 50 тысяч плаціць за мінімальную паездку — гэта дорага. А нічога, што паліва летась даражэла пяць разоў? А нічога, што запчасткі каштуюць дорага? А могуць сёння таксісты набываць новыя машыны? Нават калі браць у лізінг якую больш-менш танную, то гэта будзе каля 17 тысяч долараў. Але за колькі гадоў можна “адбіць” гэтыя грошы? Дык што нам рабіць? Нас павінны пачуць. Зразумейце, тыя часы, калі чалавек выклікаў на працу таксі, каб даехаць з камфортам да дома, скончыліся. Цяпер выклікаюць, каб даехаць да паліклінікі ці на вакзал, калі гэта позні час, ці нехта ў гасцях засядзеўся. Крызіс — і гэтым усё сказана. Прычым шмат жа і ўласных аўтамабіляў стала ў людзей. Я лічу, што тыя пасажыры, якія сёння едуць па тарыфе 30 тысяч, будуць і заўтра ездзіць, калі ён стане 50 тысяч.

Таксісты спадзяюцца, што заяўку ў Мінгарвыканкам пададуць бліжэйшым часам і дазволу ім чакаць давядзецца нядоўга. Пакуль жа яны маюць магчымасць абмяркоўваць сітуацыю вузкімі коламі, тым больш што і час дазваляе гэта рабіць. Кліентаў пасля святаў сапраўды няшмат. Ды, кажуць, і на святы шмат не было…

Любоў ЛУНЁВА.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»