Мікалай Аўтуховіч нарадзіўся 7 студзеня 1963 года ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). З 1981 года служыў у арміі ў Саратаўскай вобласці Расіі — вадзіцелем у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пазней скончыў школу прапаршчыкаў і папрасіў накіраваць яго на службу ў Афганістан. За ахову моста пад Кандагарам і ўдзел у іншых аперацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Пасля звальнення з арміі ў 1991 годзе стаў займацца бізнесам у родным горадзе.

Першы раз Аўтуховіча арыштавалі ў кастрычніку 2005 года, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў, тады яго асудзілі на тры з паловай гады. Ён быў адным з шасці палітзняволеных, вызваленых у выніку жорсткіх санкцый ЗША і Еўрасаюза.

Другі раз Аўтуховіча арыштавалі 8 лютага 2009 года. У маі 2010-га за перавозку і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым на падставе часткі 3 артыкула 295 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў двух месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за сваю актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй. Акрамя таго, адзначаюць яны, падчас суда над ім былі дапушчаныя сур’ёзныя працэсуальныя парушэнні.

У студзені 2012 года суд зрабіў больш жорсткімі ўмовы адбывання пакарання Аўтуховічу, прызнаўшы яго “злосным парушальнікам рэжыму”. Асуджанага перавялі з калоніі № 5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць) у гродзенскую турму № 1.

У турме палітзняволенаму прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён адмовіўся гэта рабіць. “Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не мяняю. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народа, не парушаў ніякіх законаў, чаму я павінен звяртацца з прашэннем?” — гаварылася ў лісце, які Аўтуховіч накіраваў з турмы аднаму са сваіх таварышаў.

У верасні 2013 года праваабаронцы са спасылкай на крыніцу ў гродзенскай турме паведамілі, што Мікалай Аўтуховіч парэзаў сабе жывот лязом, выказваючы такім чынам пратэст супраць “адкрыта здзеклівага стаўлення” да яго з боку турэмнай адміністрацыі, якая пастаянна да яго чапляецца. Праваабаронцы мяркуюць, што адміністрацыя наўмысна робіць Аўтуховіча “злосным парушальнікам рэжыму ” — у гэтым статусе яго лёгка асудзіць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) і даць яму дадатковы тэрмін, або прызначыць прэвентыўны нагляд пасля вызвалення.

Выйсці на волю Мікалай Аўтуховіч павінен у красавіку гэтага года.

Фота bymedia.net

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»