Выбары

2

“Я так разумею, Лідзія Міхайлаўна, перыяд дыктатуры заканчваецца, пачынаецца этап дэмакратыі”, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні ЦВК і даючы старт выбарам. Вось толькі стартануць не значыць паехаць.

Вынікі першага этапу кампаніі ўжо вядомыя: у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі не ўвайшлі нават тыя нешматлікія прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці, якія раней хоць і са скрыпам, але праціскаліся ў некаторыя акругі. Сёлета дамагчыся гэтага змаглі толькі пяць чалавек. Сярод іх няма ніводнага, чыё прозвішча было б вядома шырокаму колу грамадскасці. Чацвёра “шчасліўцаў” з’яўляюцца шараговымі сябрамі Партыі левых “Справядлівы свет”, адзін — Партыі БНФ. Праўда, і самі дэмакратычныя структуры не надта вызначыліся колькасцю прэтэндэнтаў — наскрэблі ўсяго 65 чалавек.

Па звестках ЦВК, агульная колькасць партыйных вылучэнцаў склала 151 чалавек. Праўда, перад выбарамі ў нас заўсёды з’яўляюцца такія партыі (праўладныя, зразумела), пра якія паміж выбарамі ніхто і не чуе.

Тое, што агулам палітычныя партыі “вельмі слаба” прадстаўлены ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях, на думку сустаршыні кампаніі “За справядлівыя выбары” Сяргея Калякіна, “сведчыць аб тым, што выбары не карыстаюцца вялікай папулярнасцю нават у такіх палітычных суб’ектаў, як партыі”.

Палітык нагадаў выказванні Аляксандра Лукашэнкі напярэдадні прызначэння даты выбараў у мясцовыя Саветы аб тым, што яны стануць “дэманстрацыяй сапраўднай дэмакратыі” і што “народ сам вызначыцца, хто будзе кіраваць ім і дзяржавай”. Калякін заявіў, што “першы этап выбарчай кампаніі — фарміраванне тэрытарыяльных выбарчых камісій — абвяргае гэтыя выказванні”, і зрабіў выснову, што ўлады рыхтуюцца “да шырокамаштабных фальсіфікацый”.

Праўда, сенсацыяй для грамадскасці гэта даўно ўжо не з’яўляецца і таму сацыяльнага выбуху за сабой не пацягне. Сяргей Калякін тлумачыць гэта тым, што ў народа за апошнія 15 гадоў у дачыненні да выбараў сфарміравалася своеасаблівая прававая свядомасць. “Вось калі б, напрыклад, сказалі таму ж Лазавіку, каб ён нешта скраў у краме, ці некага згвалціў, ці скраў чужы аўтамабіль, то ён бы адмовіўся, спаслаўшыся на Крымінальны кодэкс. А тут жа таксама прадугледжана крымінальная адказнасць. І што? Чаму гэтыя парушэнні рабіць не страшна? Можа, таму, што не было прэцэдэнту?” — кажа палітык. Калякін зазначыў: нават тое, што ў камісіі увайшоў толькі кожны 13-ы супраць 90% з праўладных структур, сведчыць пра дыскрымінацыю грамадзян па палітычных матывах.

А ці будзе які сэнс ад таго, што ў выбарчых камісіях будзе хаця б па адным прадстаўніку ад дэмакратычных партый? Член бюро цэнтральнага камітэта Партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Вазняк дае станоўчы адказ. Ён двойчы ўдзельнічаў у выбарчых камісіях — быў сябрам Мінскай тэрытарыяльнай гарадской камісіі. А на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў — сябрам акруговай камісіі. Вазняк патлумачыў:

— У дэмакратычна думаючага чалавека ёсць магчымасць падпісаць пратакол “з асаблівым меркаваннем”. Я ў першым і другім выпадках падпісаў пратакол з указаннем тых парушэнняў, якія я заўважыў. Але значна больш важна быць сябрам участковай камісіі. Ні разу я туды не патрапіў, хаця некалькі разоў імкнуўся. Туды патрапіць цяжэй за ўсё. Улады не вельмі баяцца акруговых камісій, бо там, калі адзін ці два апазіцыянеры напішуць асаблівае меркаванне, то і няхай сабе. А вось што да ўчастковай камісіі, то раптам прынцыповы сябра падпіша кожны бюлетэнь, бо ён мае права падпісаць і асабіста пералічыць усе бюлетэні? А што, калі ён не пойдзе на павадку старшыні камісіі, каб палічыць толькі той стосік, што яму даў старшыня, а скажа, што не падпіша пратакол, пакуль не падлічыць усе бюлетэні? Таму я за тое, каб дэмакратычныя партыі і рухі вылучалі сваіх кандыдатаў і каб яны там добрасумленна працавалі.

Пакуль жа пра пачатак выбараў сведчаць сухія лічбы — у склад 1328 тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 27-га склікання ўключана 10.607 чалавек. Ад палітычных партый у іх склад былі ўключаны 97 чалавек, большасць з якіх — 71 чалавек — з’яўляюцца членамі Камуністычнай партыі Беларусі.



Няма запісаў для адлюстравання