Шэнген па 35 еўра беларусы дачакаюцца не раней прэзідэнцкіх выбараў

2

Беларускія ўлады гатовыя пагадзіцца на спрашчэнне візавага рэжыму з Еўрасаюзам. Пра гэта падчас лістападаўскага саміту Усходняга партнёрства ў Вільні заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. І дадаў у размове з Еўрарадыё, што дамова аб аблягчэнні візавага рэжыму можа быць падпісаная “за кароткі час”, “калі будзе канструктыўны настрой з абодвух бакоў”.

 

Шэнген па 35 еўра беларусы дачакаюцца не раней прэзідэнцкіх выбараў

                              Уладзімір Макей

Праўда, на ўдакладненне Еўрарадыё, калі бакі сядуць за стол перамоў, міністр так і не адказаў. Не вядома гэта і сёння, расчароўвае Еўрарадыё намеснік кіраўніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына.

Марыя Ваньшына: “З улікам згоды Еўракамісіі на правядзенне перамоў па заключэнні пагаднення наконт спрашчэння візавага рэжыму і рэадмісіі, плануецца ў максімальна кароткія тэрміны пачаць адпаведныя кансультацыі. Гэта ўсё, што я магу сказаць на сёння”.

Але як хутка можа вырашыцца пытанне, каб Шэнген для беларусаў стаў 35 еўра замест сённяшніх 60? Хутка, упэўнівае эксперт Польскага інстытута міжнародных адносінаў Ганна Дынэр.

Ганна Дынэр: “Гэта не вельмі доўгі працэс. Найперш, Беларусь павінна падпісаць дамову аб рэадмісіі з Еўрасаюзам (згода прымаць тых, хто нелегальна трапіў у ЕС праз беларускую мяжу. — заўв. Еўрарадыё). Гэта можа крыху даўжэй працягнуцца, бо там ёсць тэхнічныя нюансы. Але калі з Украінай працэс падпісання дамовы аб рэадмісіі заняў год, то з Беларуссю можа ўсё адбыцца і хутчэй — палітычная воля на гэта, здаецца, у Беларусі ёсць”.

Атрымліваецца, што калі перамовы па падпісанні дамовы пачнуцца цягам бліжэйшага месяца-двух, то ўсе працэдуры будуць завершаныя акурат да наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць прайсці на пачатку 2015 года.

Тое, што ў Беларусі ёсць “палітычная воля” для падпісання ўзгаданага пагаднення, вынікае са слоў Макея:

“Гэта ўстаноўка прэзідэнта нашай краіны. Ён зыходзіў з таго, што гэта будзе выгадна для канкрэтнага простага чалавека, для нашых людзей. І гэта будзе вельмі пазітыўна разглядацца людзьмі”.

Праўда, удакладняе кіраўнік Дэпартамента Усходняй Еўропы МЗС Польшчы Марцін Жахоўскі, гэта яшчэ не гарантуе, што перамовы распачнуцца ў хуткім часе. Калі яны ўвогуле пачнуцца…

Марцін Жахоўскі: “Безумоўна, заява аб наяўнасці добрай волі (да падпісання дамовы аб візавай лібералізацыі. — заўв. Еўрарадыё) — гэта вельмі добра, але патрэбныя нейкія канкрэтныя рашэнні. Зараз Беларусь павінна падаць (у Еўракамісію. — заўв. Еўрарадыё) пэўныя дакументы, якія зробяць магчымым пачатак перамоў пра візавую лібералізацыю”.

 

Image 96504

Image 96504

                                     Марцін Жахоўскі

Як стала вядома Еўрарадыё, не толькі беларусы чакаюць хуткіх і танных шэнгенскіх віз. Паводле слоў дэпутата польскага Сейма Малгажаты Марцінкевіч, яна гэта пытанне трымае на кантролі і ўжо не аднаразова звярталася ў МЗС Польшчы з просьбамі даваць беларусам як мага больш віз і на большы тэрмін. Праўда, прызнаецца, пакуль выніку ад яе зваротаў няма.

 

Шэнген па 35 еўра беларусы дачакаюцца не раней прэзідэнцкіх выбараў

                                         Малгажата Марцінкевіч

Прадстаўнік польскага МЗС звыкла тлумачыць гэта невялікай колькасцю консульскіх супрацоўнікаў.

Марцін Жахоўскі: “А яшчэ значным фактарам, пра які мы часта забываемся, з’яўляецца тое, што вельмі шмат людзей зацікаўленыя ў атрыманні візы. Мы, зразумела, будзем старацца палепшыць становішча і выдаваць візы хутчэй. Але чым хутчэй мы будзем выдаваць візы, тым больш будзе людзей, якія хочуць візу атрымаць. А з улікам таго, што беларускія ўлады не даюць згоду на павелічэнне штату консульства, то праблему гэтую так проста не вырашыць…”

Дарэчы, у Польшчы і Літве ёсць нават адмысловыя арганізацыі, якія змагаюцца за адмену віз для беларусаў. Праўда, у адказ на пытанне Еўрарадыё, ці шмат яны насамрэч могуць зрабіць для гэтага, эксперт праграмы “Адкрытая Еўропа” Фонду імя Стэфана Баторыя Лукаш Бырскі шчыра прызнаецца:

“Нічога не можам зрабіць — не вельмі шмат тут залежыць ад нас. Адзінае — мы можам дапамагчы беларускаму грамадству лабіраваць гэта сваё права. Бо гэта ў прынцыпе права беларускага грамадства — аблегчаны візавы рэжым. І тут улады павінны пайсці на саступкі і падпісаць усе неабходныя дамовы”.

 

Шэнген па 35 еўра беларусы дачакаюцца не раней прэзідэнцкіх выбараў

                     Лукаш Бырскі

Нагадаю, Еўрасаюз прапанаваў беларускім уладам распачаць перамовы аб змяншэнні кошту віз яшчэ ў 2011 годзе. Але згоду на гэта нібыта атрымаў толькі сёлета падчас лістападаўскага саміту ў Вільні.

Што ж тычыцца актыўнасці беларускага грамадства наконт візавага пытання, то, прызнаецца Бырскі, пад адпаведнай петыцыяй у інтэрнэце падпісалася ўсяго некалькі тысяч чалавек.

Фота: Змітра Лукашука


Няма запісаў для адлюстравання