Алесь Бяляцкі: … і так прыемна было адчуваць сябе вольным

3

Прапануем увазе чытачоў фрагмент тэкста “Усяго толькі суткі”, напісанага Алесем Бяляцкім ў 1999 годзе пасля Маршу Свабоды.

Нягледзчы на тое, што часу з моманту напісання тэксту мінула даволі шмат, ён застаецца актуальным.

“У Савецкім РАУСе мяне ўжо чакалі… Амаль адразу капітан Левановіч пераняў мяне і мы пайшлі, вось дык нечаканасць – у міліцэйскі “форд”, на якім і паехалі ў апорны пукт на Камароўку, дзе таксама знаходзіўся кабінет суддзі. Пасля настылага бляшанага аўтазэка мяккі “форд” з цёплым паветрам… Занадта вялікі кантраст, каб не заўважыць пераменаў, што адбыліся за лічаныя хвіліны.

У апорным пункце мяне завялі ў адзін з міліцэйскіх кабінетаў, дзе пратрымалі хвілінаў дзесяць, а потым паведамілі, што суддзя занятая, таму сёння суд адкладаецца, і мне выпішуць позву на аўторак. Я адчуваў, што гэта будзе лепей, хаця не зусім разумеў, чаму яны мяне выпускаюць. І толькі праз некалькі дзён мне распавялі, што размова пра маё затрыманне была з Латыпавым (міністр замежных справаў РБ) у Стамбуле, дзе тады праходіў Стамбульскі саміт краінаў АБСЕ. Гаварыў пра гэта нехта з даволі адказных асобаў, і менавіта адтуль з акружэння Лукашэнкі паляцеў сігнал у Менск: выпусціце! Ад граху падалей!

Ускосна гэта пацвердзіла і суддзя, якая на званок адвакаткі сказала, што маю справу яна і ў вочы не бачыла. Значыць міліцыянты яе проста не перадавалі, а завёўшы мяне ў свой кабінет, вытрымалі дзеля прыліку некалькі хвілінаў і адпусцілі, каб разабрацца са мною пасьля заканчэння саміту ў Стамбуле.

Я прайшоў праз людную Камароўку, праз рады, заваленыя яблыкамі і хурмой, па праспекце Скарыны да ўправы Беларускага Народнага Фронту, і так прыемна было адчуваць сябе вольным. Не менш прыемна, чым было папярэдне два разы за гэты год, калі сядзець даводзілася па дзесяць сутак.

Суткі, усяго толькі суткі пратрымала мяне ў сваіх абдымках карная машына нашай хворай дзяржавы. У хворай дзяржавы не можа быць здаровая міліцыя, пракуратура, суд, прыёмнікі-размеркавальнікі і турмы.

Тут усё праіржавела і раз’едзена іржой. І гэта ўсё, прыйдзе час, нам трэба будзе змяняць як найхутчэй. Бо існаванне чалавека ў падобных умовах – гэта ганьба для дзяржавы гэта сорам для ўсіх нас.

Я часта думаю пра тое, што ўсё, што ў нас адбываецца зараз – гэта толькі прэлюдыя, гэта толькі запеў, ён часовы, а сапраўдная наша праца, сапраўднае змаганне за чалавечую годнасць, за Беларусь, пачнецца пасля. Пасля таго, як…. І тады нам давядзецца па-сапраўднаму даказваць, чаго мы вартыя. Дэмакратычныя змены ў грамадстве, незалежная Беларусь – вось тое поле, дзе пачнецца праўдзівая работа, і дай нам Бог розуму зрабіць ўсё па-людску, як належыць”. (Бюлетэнь Права на Волю №22-24 1999 год).



Няма запісаў для адлюстравання