Падчас візіту прадстаўнік Святога Айца паведаміў, што Папа Францішак напісаў беларускай верніцы Ядзвізе Пастэрнак і даслаў першы ў гісторыі папскі дакумент на беларускай мове, паведамляеcatholic.by.

Апостальскі Нунцый узгадаў, што ў дзень святкавання 100-гадовага юбілею касцёла ў Вілейцы гэтая жанчына прачытала словы віншаванняў. “Пасля я папрасіў у яе напісаны на польскай мове тэкст. Гэты тэкст я асабіста перадаў Святому Айцу Францішку, – паведаміў арцыбіскуп. – Падчас аўдыенцыі ў Папы я расказаў яму, што ў Беларусі было шмат жанчын, якія ў часы пераследу перадавалі сваю веру, перадусім дзецям, і гэта было небяспечна для іх. І, слухаючы гэта, Папа ўзрушыўся”.

Па словах Апостальскага Нунцыя, калі ён перадаваў Пантыфіку гэты рукапіс Ядвігі Пастэрнак разам з перакладам на італьянскую мову, Папа сказаў пачакаць хвілінку, пайшоў у свой кабінет і ад рукі напісаў беларускай жанчыне, потым вярнуўся, узяў канверт, напісаў на ім, каму адрасуецца ліст, з другога боку напісаў свой адрас у Ватыкане і папрасіў перадаць гэты ліст асабіста спадарыні Ядвізе.
“Праз некалькі гадзін мы спаткаліся з ім, – дадаў арцыбіскуп. – Папа сказаў: быць можа, мала гэтага знаку; я дашлю ўрачыстае благаслаўленне, напісанае на беларускай мове”.

“Думаю, што гэта гістарычны дзень для Беларусі”, – адзначыў прадстаўнік Святога Айца, кажучы, што ўпершыню хтосьці з беларусаў атрымлівае напісанае Папам ад рукі і першы раз у гісторыі з Ватыкана ў Беларусь прыйшоў афіцыйны дакумент на беларускай мове.
“Гэта знак прызнання спадарыні Ядвізе і ў яе асобе ўсім, хто, рызыкуючы жыццём, перадаваў веру ў цяжкія часы, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, Апостальскі Нунцый. – Я вельмі ганаруся вамі, таму што сёння ваш народ, які вельмі часта бывае незаслужана забыты, атрымаў знак прызнання ад Папы, і вы маеце права ганарыцца, бо кіраўнік Касцёла вас вельмі моцна паважае”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»