Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША: Мы разумеем неабходнасць паляпшэння адносінаў з Беларуссю ва ўсіх сферах

4

Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю БелаПАН заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаннях Еўропы і Еўразіі Эрык Рубін, які наведаў Мінск з рабочым візітам 11—12 снежня.

Галоўнай мэтай візіту ён назваў сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і іншымі прадстаўнікамі беларускай улады, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, апазіцыйных палітычных партый, дзелавых колаў, з тымі, хто раздзяляе намаганні і імкненне да далейшага пашырэння і паляпшэння адносінаў з Беларуссю.

Эрык Рубін адзначыў, што ён удзельнічаў ва ўстанаўленні дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і ЗША ў 1991 годзе. “З тых пор мне пастаянна даводзілася працаваць над паляпшэннем і пашырэннем двухбаковых адносінаў”, — дадаў ён.

Гаворачы пра цяперашні стан двухбаковых адносінаў, прадстаўнік Дзярждэпартамента падкрэсліў, што не амерыканскі бок выступіў ініцыятарам скарачэння колькасці супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску і пасольства Беларусі ў Вашынгтоне ў 2008 годзе (пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый адносна дзяржканцэрна “Белнафтахім”).

“Функцыянаванне пасольстваў у звычайным рэжыме прынесла б карысць грамадзянам абедзвюх краін — гэта адна з тэм нашага дыялогу з урадам Беларусі, — сказаў Эрык Рубін. — Мы верым у тое, што адкрытыя, шчырыя і сумлення адносіны будуць спрыяць вырашэнню існуючых рознагалоссяў паміж намі”.

Паводле яго слоў, ЗША разумеюць, што пытанне аднаўлення паўнацэннай работы пасольстваў з’яўляецца не адзіным “наяўным рознагалоссем”. “Ёсць і шмат іншых. Разыходжанні па ключавых пытаннях не знікнуць раптам”, — адзначыў прадстаўнік Дзярждэпартамента.

Сярод такіх праблемных пытанняў ён назваў наяўнасць палітзняволеных у Беларусі. “Сумесна з нашымі партнёрамі з Еўрасаюза мы працягваем заклікаць да вызвалення асоб, якія знаходзяцца ў турэмным зняволенні па палітычных матывах, і прыняцця мер, якія б садзейнічалі далейшаму рэфармаванню беларускай палітычнай сістэмы, каб зрабіць яе больш адкрытай, дэмакратычнай і адпаведнай еўрапейскім палітычным стандартам”, — заявіў Рубін, нагадаўшы, што гэтая тэма гучала і ў сумеснай заяве былых кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і ЗША Сяргея Мартынава і Хілары Клінтан, зробленай у 2010 годзе.

Ён паведаміў, што падчас гутаркі з Уладзімірам Макеем 11 снежня бакі прыйшлі да таго, што трэба працягваць дыялог і абмеркаванне ўсіх наяўных пытанняў.
 
На пытанне аб тым, ці магчымая нармалізацыя адносінаў без вызвалення палітзняволеных, Эрык Рубін адказаў, што не хацеў бы выказваць меркаванняў на гэтую тэму. “Мой візіт — толькі пачатак дыялогу. Я тут перш за ўсё для таго, каб адрэкамендавацца беларускім уладам”, — сказаў ён.

Паводле слоў Рубіна, ЗША схільныя да ідэі паляпшэння адносінаў ва ўсіх сферах, уключаючы тыя, у якіх паміж бакамі існуюць разыходжанні.


Няма запісаў для адлюстравання