Лукашэнка наведаў брыгаду спецназу, спалохаўшыся Еўрамайдану?

5
На сілавікоў дзяржаўных сродкаў сапраўды не шкада. Налета фінансаванне КДБ і МУСу павялічваецца на 23 % і на 21 % адпаведна. Кошты ж інвеставання ў сілы адмысловага прызначэння таксама немалыя. І станам справаў менавіта ў гэтай сферы галоўнакамандуючы застаўся відавочна задаволены, хоць афіцэрам паставіў і некаторыя іншыя, не зусім вайсковыя задачы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Калі адсюль сыходзіць чалавек у грамадзянскае жыццё, то ён наш чалавек. Нават калі ён не трапіць у сілавыя структуры альбо будзе недзе служыць, у МУС, КДБ, каб мы маглі на іх заўсёды абаперціся”.

Спецназаўцы ж у сваю чаргу адрапартаваліся ў сваёй адданасці і паабяцалі выканаць любыя пастаўленыя ім задачы з боку Лукашэнкі. Кіраўнік краіны жартаўліва адказаў, што гэта спраўдзіць.

Лепш, вядома, на палігоне, чымся на вуліцах, дзе вернасць да сябе – і паводле неафіцыйных звестак – з розным вынікам спраўджвае амаль штодня Віктар Януковіч. Менавіта падзеі ва Украіне сталіся нагодаю для візіту кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі ў Мар’іну Горку, упэўненыя ягоныя палітычныя апаненты.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ АРГКАМІТЭТУ БХД:
“Калі праглядзець падзеі на Майдане, то гэта параджае пэўныя думкі, асабліва ў сілавікоў, бо іх кідаюць у бой, пасля праводзяць нейкія перамовы, шукаюць вінаватых збіцця. Атрымліваецца, аддаюць загады, а потым асуджаюць кагосьці, робяць крайнімі. Таму Лукашэнка для таго, каб не дрыгнула рука беларускага амапаўца і спецназаўца, на мой погляд, і робіць такія выцечкі”.

Але гэтым разам своеасаблівая дэманстрацыя моцы з боку прэзідэнта можа быць адрасаваная не толькі беларускае аўдыторыі…

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Ён паказвае таксама і ўкраінскім уладам, што яны дапускаюць слабіну з яго пункту гледжання, бо ў Беларусі ўсё “схоплена”, усё прадугледжана, а АМАП выхаваны”.

І сілавікі ў нашай краіне, мяркуе наш суразмоўца, сапраўды гатовыя выканаць амаль любы загад, не гледзячы ні на правы чалавека, ні на найвышэйшы закон.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Канстытуцыя для сілавікоў беларускіх – гэта невядома навошта існуючая папера, якая ніяк не тычыцца ні іх службы, ні іх жыцця. І гэта цалкам антыканстытуцыйныя, антыправавыя паводзіны”.

І пры гэтым у пераважнай большасці беларускіх сілавікоў няма не толькі грамадзянскай свядомасці, але нават і нацыянальнай. І ўжо гэтым яны адрозніваюцца ад прадстаўнікоў абодвух бакоў супрацьстаяння на кіеўскім Майдане.

 
 
Фота bymedia.net. Байцы беларускага спецназу.


Няма запісаў для адлюстравання