І гэта так. За ўсё трэба плаціць, нічога дарма не даецца.

Ва ўмовах сённяшняй Беларусі, я лічу, даражэй за ўсё каштуе ПРАЎДА. З-за яе, неацэннай, якіх толькі выпрабаванняў не давялося вытрымаць “Народнай Волі”!

З дня выдання першага нумара мінула 18 з паловай гадоў. З іх амаль дзесяць — друкаванне газеты за мяжой, можна сказаць, у эміграцыі. Літва, яшчэ раз Літва, потым Смаленск…

Кожнае слова ПРАЎДЫ, адтыражаванае за кардонам і дастаўленае ў Беларусь з неймавернымі высілкамі, абмывалася не толькі салёным потам, але, здаралася, і крывёю самаахвярных журналістаў, усіх, хто літаральна вырываў газету з кіпцюроў розных служак існуючага рэжыму.

Не падлічыць, колькі дзён і начэй правёў я на тых жа пагранпераходах, у пастарунках, вызваляючы з палону свежыя нумары “Народнай Волі”. А ці ж можна забыць перманентныя судзілішчы, падчас якіх адбывалася гвалтаванне і выдання, і той жа Феміды, якая аказвалася бездапаможнай перад цэрберамі розных масцей!

Нялёгка дастаецца ПРАЎДА нам і ў апошнія гады.

Многія вяльможы яшчэ так і не дапетрылі, што няма сэнсу змагацца са свабодалюбнай “Народнай Воляй”, газетай, якая лічыць за найвялікшы гонар даносіць людзям ПРАЎДУ,служыць роднай Беларусі. Не даспадобы непахісная прынцыповасць газеты і некаторым фальшывым апазіцыянерам, тым, якія штодзённую напружаную працу падмяняюць дэмагагічным піярам, пустой імітацыяй, мышынай валтузнёй.

Вядома ж, журналісты “Народнай Волі”, іншыя супрацоўнікі рэдакцыі не казачныя героі, няма ў іх тых цуда-табакерак, з якіх веерам вылятаюць асігнацыі з многімі нулямі пасля першай лічбы. Каб незалежнае выданне змагло выжываць у гэты надзвычай цяжкі і складаны час, патрэбны не віртуальныя, а рэальныя сродкі. Вялікія сродкі! Вунь колькі газет, часопісаў згінулі ў апошнія дзесяць-дваццаць гадоў! З-за шэрагу прычын, але адна з галоўных — нішчымніца ў іх сусеках. Менавіта з ёю пастаянна сутыкаецца і “Народная Воля”.

Вось і нядаўна рубам паўстала пытанне: як утрымаць газету ў наступным, 2014-м, годзе? Разлічваць на сур’ёзныя даходы ад рэкламы не даводзіцца, тыя, каму ёсць што дэманстраваць публіцы, смяротна баяцца паказацца ўладам прыхільнікамі “Народнай Волі”, якая дзейнічае бескампрамісна ў адносінах да магільшчыкаў беларушчыны, тых, хто ўсё больш і больш зацягвае краіну ў “саўковую” багну. Выпрасіць-вырваць нейкую капейчыну ў тутэйшых алігархаў — гэта ўсё роўна, што вярблюду пралезці ў ігольнае вушка! Нават пасля таго, як сам Лукашэнка, памятаеце, сказаў: “Ну помогите, ничего страшного. Должна же быть у нас и оппозиционная газета». Літаральна праз пару месяцаў пасля той рэзананснай прэс-канферэнцыі, падчас якой і зляцелі з вуснаў Аляксандра Рыгоравіча гэтыя словы, я патэлефанаваў аднаму звышбагатаму чалавеку: “Хачу ўбачыцца”. Сустрэча адбылася. Але, калі я нагадаў яму пра публічны дыялог Марыны Коктыш з Аляксандрам Лукашэнкам, ён рассмяяўся і, плюхнуўшы ў келіхі грамаў па пяцьдзясят дарагога каньяку, без каментарыяў перавёў размову на іншую тэму.

70 тысяч 869 долараў зарабляе Вікторыя Азаранка ў сярэднім за гадзіну, падлічылі ў Fox Sports. Можаце ўявіць — нягледзячы на тое, што ў апошніх турнірах ёй не пашанцавала, памер сёлетніх прызавых дасягнуў амаль шасці з паловай мільёнаў долараў. За час спартыўнай кар’еры на яе рахунак залічаны дзясяткі мільёнаў “зялёных”. Кажуць, Віка не са скупых, не-не ды і з’яўляецца яе прозвішча ў спісе ахвяравальнікаў. Вось толькі да “Народнай Волі” чарга ніяк не дойдзе. Як, дарэчы, і ў Максіма Мірнага, з бацькам якога на старонках нашай газеты было не адно інтэрв’ю.

Багатым “Народная Воля”, магчыма, і не патрэбна, іх абслугоўвае “жоўтая” прэса. Я гэта пра тых багатых, якія чэсна, як кажуць, сваім мазалём зарабілі мільёны. Але ёсць і іншая катэгорыя багатых. Іх у народзе называюць алігархамі. Як можна здагадацца, ім “Народная Воля” не патрэбна па іншай прычыне. Навошта ім ПРАЎДА, калі рыбка добра ловіцца і ў мутнай вадзе?

Скажаце, і алігархаў нельга мераць на адзін капыл. Згодны, але пакажыце ў Беларусі мне такіх, якім патрэбна ПРАЎДА “Народнай Волі”? За 18 гадоў выдання газеты я такога сустрэў толькі аднойчы.

“Народная Воля” як светач ПРАЎДЫ І СВАБОДЫ патрэбна простым людзям. Мы разам з Вамі, шараговыя грамадзяне, будуем новую Беларусь, змагаемся за захаванне яе нацыянальнага духу, за тое, каб агульначалавечыя каштоўнасці былі даступны для кожнай асобы. Невыпадкова нашым галоўным слоганам з’яўляецца такое двухрадкоўе:

Вы — з “Народнай Воляй”,

“Народная Воля” — з Вамі!

Як заснавальнік газеты, яе выдавец і галоўны рэдактар я малюся на Вас, шаноўныя чытачы. ПРАЎДА патрэбна нам і Вам бы подых свежага паветра, глыток крынічнай вады. Толькі дзякуючы аб’ектыўнай, незаангажаванай, дакладнай, несфальсіфікаванай, непрафільтраванай інфармацыі можна правільна зарыентавацца ў сённяшнім надзвычай складаным жыцці. Таму галоўны абавязак журналістаў “Народнай Волі”, усіх, хто працуе ў нашай рэдакцыі, — не здрадзіць ПРАЎДЗЕ, як мага глыбей унікаць у праблемы, якія сапраўды хвалююць, непакояць беларускае грамадства.

Мы не гладзім па галоўцы тых, хто пры ўладзе.

Мы не зазіраем у рот тым, хто дзясяткі гадоў ходзіць у апазіцыянерах, але з-за сваёй пустой балбатні даўно згубіў давер народа.

Мы рэжам праўду-матку і адным, і другім. Вядома ж, гэта ім не падабаецца, злуюцца, пускаюць у ход розныя прыёмы. Дзяржаўным газетам — шалёныя датацыі, нам, “Народнай Волі”, — дулю з макам. Іншы раз дыскрымінацыя нагадвае жывы анекдот. “Белпошта” аб’яўляе: падпіска на перыядычныя выданні працягваецца на два (ці тры) дні. Глядзім, а ў тым пераліку “Народнай Волі” няма: маўляў, дазволена прадоўжыць падпіску толькі для дзяржаўных газет.

Я, паважаныя прыхільнікі ПРАЎДЫ І СВАБОДЫ, хацеў бы, каб тыраж нашай газеты, выпакутаванай у неймаверна цяжкіх выпрабаваннях, быў больш значным. Разумею: для многіх сем’яў не так проста выдзеліць з мізэрных даходаў адпаведную суму на падпіску любімай газеты. Але ж і рэдакцыя не мае аніякай магчымасці пайсці на коштавыя зніжкі. Фіскальная палітыка дзяржавы загнала ў такі кут, што не ведаем, як выбрацца. Ці ж думалі мы, што ўжо сёлета толькі падаткаў давядзецца заплаціць амаль мільярд рублёў? А што будзе ў наступным, 2014-м, годзе — і ўявіць цяжка. Плюс растуць тарыфы на экспедыцыйныя паслугі (дастаўку газеты), паперу, тэхнічнае забеспячэнне… Вось чаму рэдакцыя была вымушана пайсці на павышэнне падпіснога кошту газеты. Прабачце, даражэнькія, але другога выйсця не было.

Цяжка даваць нейкія парады ў нашай з Вамі сітуацыі. Скажу толькі тое, што і раней казаў. Тыя, каму вельмі складана знайсці грошы для падпіскі на шэсць месяцаў, могуць аформіць яе на любы тэрмін — на квартал, два месяцы, адзін. Далей будзе магчымасць працягваць падпіску.

“Народная Воля” — наша і Ваша газета, паважаныя прыхільнікі ПРАЎДЫ І СВАБОДЫ. І я быў бы самым шчаслівым чалавекам, калі б у новым, 2014-м, годзе яна прыходзіла калі не ў кожную беларускую сям’ю, дык хоць бы ў кожны дом. А таму, калі ласка, звярніце ўвагу і на такую параду, якая, дарэчы, рэалізоўваецца ўжо ў многіх месцах. Гэта калі падпіска афармляецца ў складчыну — на дзве сям’і, на тры, на ўсе, што жывуць на адным паверсе. Азнаёмілася са свежым нумарам адна сям’я — перадала другой, тая — трэцяй і гэтак далей…

…Так, не танная для нас і вас ПРАЎДА. Але пражыць без яе нармальнаму чалавеку немагчыма. Толькі яна, ПРАЎДА, расплюшчвае людзям вочы на тое, што адбываецца наўкола. А ў 2014 годзе, як Вы ведаеце, Беларусь будзе бурліць ад многіх грамадска-палітычных, эканамічных, спартыўных, культурніцкіх і іншых падзей. І ўсе яны знойдуць адлюстраванне на старонках нашага выдання.

Вы — з “Народнай Воляй”,

“Народная Воля” — з Вамі!

Іосіф СЯРЭДЗІЧ, заснавальнік, выдавец і галоўны рэдактар газеты “Народная Воля”.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»