Беларускі рух “Разам” заяўляе пра салідарнасць з народам Украіны

9

“Рух салідарнасці “Разам” выказвае свой рашучы пратэст у сувязі з брутальнымі і незаконнымі дзеяннямі ўкраінскіх уладаў па разгоне мірнага Майдана за еўраінтэграцыю ў Кіеве, у выніку якога пацярпелі сотні людзей”, — гаворыцца ў абнародаванай заяве арганізацыі.

Актывісты руху патрабуюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых і пакараць вінаватых, “таму што збіванне мірных людзей — гэта злачынства”.

Рух “Разам” заклікае беларускія і міжнародныя арганізацыі выказаць салідарнасць з братэрскім украінскім народам.

Як падкрэсліваецца ў заяве, “крывавыя падзеі ў Кіеве былі б немагчымыя без таго націску на Украіну, які рабіла кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і, у прыватнасці, Уладзімір Пуцін на працягу апошняга часу”. “Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці з патрабаваннем даць ацэнку дзеянням Крамля на постсавецкай прасторы і прыняць адпаведныя меры па нейтралізацыі злачыннай імперскай расійскай палітыкі”, — заклікаюць актывісты “Разам”. 

Як паведамляў БелаПАН, лідар руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, які вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля падзей 19 снежня 2010 года, выступіў 27 лістапада на мітынгу ў падтрымку еўраінтэграцыі  Украіны ў Львове.

Цяпер Сіўчык знаходзіцца ў Польшчы. Ён паведаміў БелаПАН, што 30 лістапада каля пасольства Украіны ў Варшаве адбылася акцыя ў падтрымку ўкраінскай апазіцыі, у якой узялі ўдзел беларусы. Аналагічная акцыя павінна прайсці каля дыппрадстаўніцтва Украіны ў Польшчы і сёння, 1 снежня.

Рух салідарнасці “Разам” афіцыйна зарэгістраваны ў 2012 годзе ў Чэхіі як міжнародная арганізацыя. Сярод галоўных задач руху — супрацьстаянне палітычным рэпрэсіям у Беларусі.

Фота itar-tass


Няма запісаў для адлюстравання