Удзельнікі акцыі прадоўжылі зачытваць імёны са спісу рэпрэсаваных, ўсклалі кветкі ля крыжоў пакуты, запалілі знічы, прачыталі гімн-малітву “Магутны Божа!”

У акцыі прынялі ўдзел каля 10 чалавек, сярод іх – грамадскія дзеячы і прадстаўнікі творчай інтэлегенцыі – бард Андрэй Мельнікаў, рэжысёр Вольга Мікалайчык, старшыня “Хрысціянскай злучанасці “Курапаты” Вацлаў Немковіч, каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне Курапатаў” Уладзімір Раманоўскі, сябры Руху Салідарнасці “Разам”.

Уладзімір Раманоўскі адзначыў, што Курапаты сёння актуальны для беларусаў, асабліва ў свеце таго трагізма, які адбываецца ў краіне. “Мы бачым своеасаблівае паўтарэнне Гулагу. Ён праяўляецца ў знішчэнні гісторыі, нацыянальнай памяці, у грэбаванні мемарыялам “Курапаты”.

Каардынатар падкрэсліў, што вялікая пагроза зараз насоўваецца на Курапаты з усходу, бо з гэтага боку плануецца забудова выставачна-гандлёвага цэнтру, а таксама пашыраецца ў бок Мемарыяла дарога.

Раманоўскі прыгадаў знішчанае лецішча Лаўрэнція Цанавы, забудову у парку Горкага, падобную на турэмны дворык. “Нахабны будаўнічы бум, які зараз адбываецца па ўсёй Беларусі, не выратоўвае нацыянальныя помнікі, а наадварот, знішчае іх”, – падкрэсліў каардынатар грамадскай ініцыятывы.

Сябра Руху Салідарнасці “Разам” Ілля Дабратвор распавёў прысутным пра акцыю Дзень Герояў, якую 27 лістапада адзначылі сябры Руху ў Львове. Яны ўзялі выступ ў еўрамайдане, прывіталі ўкраінцаў, якія абралі еўрапейскі шлях. У свой час мэр горада Львова Андрэй Садовы праз сябраў Руху прывітаў дэлегатаў з Беларусі, павіншаваў беларусаў з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну і прачытаў верш на беларускай мове. 

Дабратвор распавёў, што са словамі падтрымкі да беларусаў і беларускіх палітвязняў звярнуўся на Еўрамайдане герой Украіны Юры Шухевіч.

Я веру, што настане той дзень, калі абедзве краіны, Беларусь, якая стала незалежнай ў 18-м годзе, і Украіна, зноў стануць вольнымі еўрапейскімі краінамі“, – передаў словы Шухевіча Дабратвор. 

Андрэй Мельнікаў разам з удзельнікамі акцыі прачыталі малітву за Беларусь.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»