Дачка Цімашэнкі: Баялася гэтага яе рашэння – ахвяраваць сабой дзеля Украіны

1

Еўрарадыё: Лукашэнка заявіў: каб палітзняволеныя выйшлі на свабоду неабходна, каб яны напісалі прашэнне аб памілаванні. Кажуць, што прэзідэнт Украіны Януковіч бярэ прыклад з беларускага калегі. Можа, каб выйсці на свабоду, і вашай маці будзе дастаткова напісаць такое прашэнне?

Яўгенія Цімашэнка: Я думаю, для таго, каб мая маці выйшла на свабоду, каб Януковіч яе вызваліў, такога прашэння будзе мала. Януковіч, найхутчэй, хоча, каб яна заявіла, што сыходзіць з палітыкі. Але яна гэтага катэгарычна рабіць не будзе і пісаць прашэнне з такім абяцаннем не збіраецца. Бо ўвесь свет прызнаў, што яна палітычны закладнік, палітычны зняволены. І адзіная яе віна была ў тым, што яна бараніла ўкраінскія нацыянальныя інтарэсы і што яна з’яўляецца галоўным апанентам Януковіча і яго рэжыму. Таму, мы будзем змагацца за яе да канца, а яна будзе змагацца за Украіну.

Яна і так зрабіла ўсё магчымае за апошнія два месяцы, пайшла на ўсе ўмовы і кампрамісы, каб гэта падпісанне дамовы аб асацыяцыі з ЕС адбылося. А Януковіч разумее, што Еўрапейскі саюз не зрушыцца з месца і будзе патрабаваць выканання галоўных крытэраў. У тым ліку – спынення палітычных рэпрэсій. Зразумела, што іншыя, а не ўсё вышэйпералічанае, былі знойдзеныя прычыны, каб не падпісаць гэта пагадненне. Маці ўпэўненая: калі ён не падпіша дамову аб асацыяцыі зараз, то ён яе не падпіша ніколі. І не трэба верыць яго няспыннай рыторыцы, у нейкія там “тайм-аўты”. Якія бяруцца толькі для таго, каб умацаваць яго аўтарытарны рэжым ва Украіне.

Гэтыя словы маці напісала ўчора (27 лістапада – Еўрарадыё), у свой дзень народзінаў, у знак салідарнасці з тымі, хто знаходзіцца на Еўрамайдане, хто змагаецца за Украіну. Яна заклікае ўсіх украінцаў, апазіцыю, еўрапейскіх лідараў не здавацца, не адварочвацца ад Украіны ў гэты складаны час. І працягваць змагацца нават у тым выпадку, калі саміт у Вільні будзе правалены Януковічам.

Еўрарадыё: Палітвязні патрэбны аўтарытарным лідарам для гандлю. За што, за якія прэферэнцыі могуць выкупіць вашу маці?

Яўгенія Цімашэнка: Маці сапраўды стала палітычным закладнікам Януковіча і яго аўтарытарнай улады. Улады яе не могуць зараз адпусціць, бо добра ўсведамляюць небяспеку для сябе ад яе знаходжання на свабодзе. А тое, што яны адкрыта гандлююцца – паказвае сапраўднае аблічча рэжыму. Гэта сведчанне таго, што яны сутыкнуліся з вялікімі эканамічнымі праблемамі і стаяць на мяжы дэфолту. Але атрымліваючы кароткатэрміновую дапамогу ад тых суседзяў, якія не з’яўляюцца сябрамі Еўрасаюза, улады па частках аддаюць нашу незалежнасць. Хто даў права вырашаць за мільёны людзей – куды нам ісці?! А тым больш – прадаваць Украіну па частках?! Маці лічыць, што Еўрасаюз дасць Украіне нашмат больш не толькі ў фінансавым сэнсе, але найперш – у культурным, палітычным, сацыяльным, цывілізаваным. І гэта непараўнальна ні з якімі эканамічнымі праблемамі ці эканамічнымі войнамі. Тая ж Літва, калі 9 гадоў таму змагалася за сяброўства ў ЕС, яна перамагла і вонкавы ціск, і эканамічныя праблемы і знайшла сілы выбраць Еўрасаюз.

Еўрарадыё: Эксперты лічаць, што Януковіч паспрабуе зрабіць з Украіны другую Беларусь – наколькі гэта, на ваш погляд, магчыма?

Яўгенія Цімашэнка: Гэта магчыма. Адмаўляючыся ад падпісання дамовы аб асацыяцыі з ЕС, Януковіч ужо прыняў рашэнне наконт частковай ізаляцыі для сябе і для ўлады ўкраінскай увогуле. Настройваючы супраць сябе ўкраінскі народ, апазіцыю і дэмакратычную частку свету, якая змагаецца за Украіну, бачна, што лёс Беларусі можа пагражаць і Украіне. Менавіта таму маці зараз і просіць Еўрасаюз не пакідаць Украіну сам на сам з дыктатурай, якая ў нас будуецца. Гэта вельмі небяспечна для тых слабых дэмакратычных інстытутаў, якія ў нас ёсць. Зараз неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць для таго, каб падтрымаць дэмакратычныя сілы і зрабіць усё магчымае, каб прэзідэнцкія выбары 2015 года былі сумленнымі і празрыстымі. Гэта даць магчымасць дэмакратычным сілам выйграць і тады павесці людзей па дарозе ў аб’яднаную Еўропу.

Еўрарадыё: Ваша маці пагадзілася заставацца ў турме, каб толькі была падпісаная дамова аб асацыяцыі з ЕС – заклікала пайсці на такі крок Еўрасаюз. Як вы, дачка, да такой навіны паставіліся?

Яўгенія Цімашэнка: Менавіта гэтага я і баялася… Яна заўжды казала, што больш важна для Украіны падпісаць асацыяцыю – ня гледзячы ні на што. Каля яна гэта сказала… Я разумею яе – яна палітык з вялікай літары. Яна ўжо 16 гадоў у палітыцы і ніколі не сыходзіла са сваіх пазіцый, змагаючыся за незалежнасць Украіны і яе правы. І людзі гэта ведаюць. Менавіта таму сотні і тысячы людзей на плошчах патрабуюць яе вызвалення. Таму я і лічу: тое, да чаго яна заклікае, гэта правільна. Бо немагчыма Еўрасаюзу пакідаць аўтарытарны рэжым на сваіх межах – гэта можа быць небяспечным для ЕС. Асабліва для тых краін, якія не так даўно сталі сябрамі Еўрасаюза.

Еўрарадыё: Але ці пойдзе Еўрасаюз на падпісанне дамову з Украінай на тых умовах, на якія яго заклікае пагадзіцца Юлія Цімашэнка – што яна застаецца за кратамі?

Яўгенія Цімашэнка: Я лічу, што Еўрасаюз ні пры якіх абставінах не адмовіцца ад еўрапейскіх каштоўнасцяў, якія яны самі прапаведуюць. Яны ж змагаліся за тое, каб Україна гэтыя каштоўнасці прыняла. Іншая справа, што Януковіч і яго паплечнікі не прынялі гэтых каштоўнасцяў. Тым не менш, я ўпэўненая, што еўрапейцы ў любым выпадку не адвернуцца ад самой Украіны. Бо зараз украінская ўлада і ўкраінскі народ падзяліліся. Таму гэта народная Украіна мусіць мець гэтую еўрапейскую падтрымку, не можа застацца сам на сам з аўтарытарным рэжымам.

Фота: Змітра Лукашука


Няма запісаў для адлюстравання