Следчы не адказаў на пытанні сястры Уладзіслава Лазара

1

Учора яе брату споўнілася 46 гадоў. Святар амаль паўгода знаходзіцца за кратамі. Грамадству дагэтуль уцямна не паведамілі прычыну арышта. Самому ксяндзу забаранілі перадаць Біблію і ружанец. Ён ні разу не меў спаткання са сваякамі. У такой сітуацыі вернікі не маюць ніякіх сумневаў наконт таго, што і лісты падтрымкі вязень “амерыканкі” таксама не атрымлівае.

Сястра Лазара Яніна каторы раз паспрабавала высветліць хоць якія-небудзь акалічнасці справы ў следчага Канстанціна Фёдаравіча Бычака.

Яна распавяла “Народнай Волі”: “Я спытала: “Калі можна будзе мець спатканне з братам, калі справу перададуць у суд, як мы даведаемся пра гэта?” А ён адказаў мне: “Я не ведаю”. Вось і ўсё. На дзень народзінаў Уладзіслава людзі пачалі тэлефанаваць маці, а яна зноў расплакалася, ціск падняўся… Я вельмі ўдзячна людзям, якія адгукнуліся на нашу бяду, якія збіраюць грошы, пішуць Уладзю лісты… Ён мае моцную веру і я веру, што яго не зламаюць. Але за што гэта ўсё яму? Сітуацыя склалася складаная. Уладзіслаў кажа, што ні ў чым не вінаваты, і яны самі гэта ведаюць. Таму і не ведаюць што сказаць”.

Нагадаем, што пра арышт ксяндза Уладзіслава Лазара грамадскасць даведалася падчас ліпеньскай прамовы Аляксандра Лукашэнкі. Ён тады сказаў, што арыштаваны святар, які нібыта дапамагаў супрацоўніку беларускіх спецслужбаў, які ў свой час стаў здраднікам. Першую перадачу арыштаваны атрымаў толькі праз тры месяцы.


Няма запісаў для адлюстравання