Усходняе партнёрства: для дэмакратыі, дабрабыту і стабільнасці

1

Для ЕС Усходняе партнёрства – асноўны шлях да палітычнага збліжэння і эканамічнай інтэграцыі з нашымі суседзямі на ўсходзе – Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай.

Мы імкнемся працаваць разам з нашымі партнёрамі ў рэгіёне, каб крок за крокам будаваць прастору дэмакратыі, дабрабыту і стабільнасці на падмурку вяршэнства права – прастору дэмакратычных краін-суседзяў са шматпартыйнымі сістэмамі; краін, што забяспечваюць асноўныя свабоды, шануюць суверэнітэт і грунтуюцца на супрацоўніцтве, а не на спаборніцтве; краін, якія квітнеюць і ствараюць новыя працоўныя месцы і магчымасці для бізнесу і ў сваім рэгіёне, і ў ЕС; краін, дзе хутка развіваюцца транспартныя злучэнні і пашыраюцца магчымасці для вандровак і студэнцкіх абменаў; прасторы стабільнасці, дзе рызыка адкрытага канфлікту знікае, дзе міграцыйны ціск змяншаецца, таму што людзі радзей сутыкаюцца з неабходнасцю шукаць лепшага жыцця за межамі радзімы.

Віленскі саміт адбудзецца ў дзесятыя ўгодкі Еўрапейскай палітыкі суседства і праз чатыры гады пасля абвяшчэння ініцыятывы “Усходняе партнёрства” ў Празе ў 2009-м. Мы працягваем распрацоўку амбітных пагадненняў аб асацыяцыі і стварэнні глыбокіх і ўсеабдымных зон свабоднага гандлю з партнёрамі, якія дасягаюць неабходных стандартаў, і робім крокі, каб спрасціць перамяшчэнні паміж ЕС ды іншымі краінамі рэгіёна.

Гэтыя пагадненні прапануюць не толькі доступ да найвялікшага ў свеце рынку з насельніцтвам больш за палову мільярда, але і падтрымку партнёраў у правядзенні рэформ і эканамічных трансфармацый, у грамадскім развіцці.

Саміт мае замацаваць значныя дасягненні ў супрацоўніцтве з Грузіяй і Малдовай, з якімі мы нядаўна завяршылі перамовы і зможам парафіраваць пагадненні.

Без сумневу, шмат увагі будзе надзяляцца Украіне, з якой мы завяршылі перамовы і парафіравалі пагадненне аб асацыяцыі, у тым ліку аб стварэнні глыбокай і ўсеабдымнай зоны вольнага гандлю. Наша прапанова падпісаць яго ў Вільні застаецца ў сіле. Гэта патрабуе палітычнай волі ад украінскага кіраўніцтва, рашучых дзеянняў і заўважнага прагрэсу ў выкананні ўмоваў, сфармуляваных у снежні 2012-га. Мы перакананыя, што падпісанне пагаднення забяспечыць найлепшую магчымую падтрымку для эканомікі Украіны, прапануе курс рэформ і трансфармацый для забеспячэння дабрабыту і стабільнай будучыні для ўсіх украінцаў. На працягу апошніх некалькіх дзён грамадзяне Украіны яшчэ раз прадэманстравалі сваё поўнае разуменне і прыняцце гістарычнай сутнасці еўрапейскай асацыяцыі.

Мадэрнізацыя краін, пашырэнне рынкаў і распаўсюд вольнага гандлю – гэта тое, ад чаго ў глабальнай эканоміцы ў рэшце рэшт будзе залежаць поспех кожнага. Мацнейшыя адносіны з Еўрапейскім саюзам не будуюцца за кошт адносінаў нашых партнёраў на ўсходзе з іх іншымі партнёрамі, такімі як Расія.  Ніхто не просіць нашых партнёраў скасоўваць свае адносіны ці пагадненні аб вольным гандлю з Расіяй. Усходняе партнёрства задумана так, каб выйгрываў кожны. Мы прапануем стратэгічнае бачанне і сродкі яго ажыццяўлення нашым партнёрам ва Усходняй Еўропе і ўсяму рэгіёну ў цэлым. Але гэта суверэнны выбар нашых партнёраў, выбар, які павінны рабіцца без знешняга ціску і ў інтарэсах грамадзян краін-партнёраў, – ці прыняць прапанову ЕС, якая цягне за сабой абавязацельствы па забеспячэнні неабходных каштоўнасцяў і стандартаў. Еўрапейскі саюз будзе і надалей дзейнічаць адкрыта і прапаноўваць большую падтрымку тым, хто гатовы да пераўтварэнняў і мадэрнізацыі.

На межах Еўрапейскага саюза адбыліся вялікія трансфармацыі. За апошнія некалькі гадоў Еўрапейскі саюз зрабіўся найвялікшым гандлёвым партнёрам і крыніцай інвестыцый, палітычнай сілай, надзейный партнёрам для сваіх суседзяў на ўсходзе. І гэта толькі першыя крокі. У рэшце Еўрапейскі саюз і яго партнёры на ўсходзе змогуць квітнець толькі як адзіны кантынент без раздзяляльных ліній.

Прэзідэнт Еўрапейскага савета Герман ван Рампой,

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу


Няма запісаў для адлюстравання