Апублікавала, сярод іншага, «пяцікніжжа пра гісторыю чырвонага чалавека»: «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд хэнд». Ляўрэатка шматлікіх міжнародных літаратурных прэмій. Жыве ў Менску.

Максімюк:Калі гаворым пра любоў да беларускай мовы, у мяне такое пытаньне: Наколькі для вас істотнае тое, што ў Беларусі ствараецца на беларускай мове – то бок перш за ўсё беларуская літаратура, пераклады, песьні бардаў? Для вас важна, каб беларуская мова не памерла для нацыянальнай культуры? Ці, можа, яе сьмерць – ужо непазьбежны працэс, а значыць, ня варта моцна і натужвацца?

Алексіевіч: Магчыма, я да гэтага падыходжу крыху інакш. Мне цікавы ўзровень, на якім зроблена нейкая рэч. Разумееце, любіць нешта бяздарнае або сярэдняе проста ад патрыятызму я не лічу абавязковым. Я люблю тое, што мяне адкрывае, я люблю сапраўдныя рэчы… Напрыклад, “Любіць ноч – права пацукоў” Юрыя Станкевіча. Я помню, што калі гэта прачытала, я ахнула. Я ўбачыла добра зробленую рэч. Для мяне важны ўзровень, а ня тое, на якой гэта мове… Які сэнс у чымсьці, што перакладзенае на іншую мову нагадвае дзіцячы садзік.

Максімюк: Акрамя Станкевіча, якога вы згадалі, ёсьць яшчэ іншыя беларускія пісьменьнікі, узровень якіх вам падыходзіць?

Алексіевіч: У свой час мне было цікава чытаць Андрэя Федарэнку. Я вырасла на вёсцы, але паколькі мае бацькі былі савецкімі настаўнікамі, я больш жыла сярод кніг. Але мяне заўсёды хвалявала тое вясковае жыцьцё, за якім я ўсё ж назірала збоку. А ў Фэдарэнкі гэтае жыцьцё і вясковыя людзі паказаны вельмі матэрыяльна і цікава. Ён зрабіў на мне вялікае ўражаньне. Ну і, зразумела, я чытала хутчэй клясыкаў, чым сучасных беларускіх пісьменьнікаў – напрыклад, Вячаслава Адамчыка, Янку Брыля…

Самыя ўлюбёныя пытанні

Максімюк: Яшчэ адно відавочнае пытаньне. У сэнсе – відавочнае для мяне, але не зусім відавочнае каму іншаму. Як вы лічыце, ці магчымая беларуская нацыянальная культура на расейскай мове? Як вы гледзіце на сваю творчасьць – вашы кнігі, гэта частка і беларускай нацыянальнай культуры, ці яны належаць выключна расейскай культуры?

Алексіевіч: Я б гэтага не хацела, і гэта была б няпраўда, калі б сказаць, што мае кнігі – гэта частка толькі рускай культуры. Яны – таксама частка беларускай культуры, таму што і ў характарах, і ў дэталях, і ў самым жыцьці вельмі шмат беларускага матэрыялу. Гэта і першае, і другое. Проста ідэя “утопія” гаварыла на рускай мове, і вось зрабіць мой праект, як я яго сабе ўяўляла, можна было толькі на рускай мове. Я вось чытала некаторыя выказваньні ў той дыскусіі вакол Нобэлеўскай прэміі, дзе некаторыя пыталіся – а хто гэтыя людзі? У сэнсе – хто героі маіх кнігаў? А хто тут жыў у савецкі час – няўжо марсіяне? Тут жылі беларусы, і яны якраз так жылі… Калі б я напісала гэтую сваю “мастацкую энцыкляпэдыю”, назавем яе так, на беларускай мове, гэта была б няпраўда. Не гаварыў у савецкі час народ тут на беларускай мове.

Максімюк: Паколькі вы згадалі дыскусію вакол Нобэлеўскай прэміі для Алексіевіч, дазвольце мне паставіць вам адно пытаньне ва ўмоўным ладзе. Толькі адно, абяцаю. Дапусьцім, Сьвятлана Алексіевіч атрымала Нобэлеўскую літаратурную прэмію. У Стакгольме з нобэлеўскай лекцыяй яна выступала б як беларуская пісьменьніца ці як расейская? І ці згадала б яна ў сваёй лекцыі пра беларускую мову і пра тое, што ёй у Беларусі пагражае пагібель як мове жывой культуры і камунікацыі?

Алексіевіч: Вы задаяце пытаньні, адказы на якія відавочныя. А яшчэ, я вам адкажу на гэтыя пытаньні, калі атрымаю гэтую прэмію.

Максімюк: Перш чым паставіць традыцыйнае пытаньне для пісьменьніка на заканчэньне, я хачу яшчэ згадаць адзін інцыдэнт, які выклікаў вельмі гучную рэакцыю ў Беларусі. Я хачу вярнуцца да інтэрвію, якое вы далі паўгода таму нямецкай газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, і да таго няшчаснага пасажу пра беларускую як “вельмі вясковую” і “нявысьпелую” мову. Выказваньне выклікала шквал абурэньня у сацыяльных сетках і на розных сайтах і вы, як кажуць, атрымалі за гэта па поўнай. Вы ўжо тлумачылі, што насамрэч так пра беларускую мову ня думаеце, што тут, так сказаць, фраза была вырваная з шырэйшага кантэксту. Дык вось, давайце ня будзем вяртацца да гэтай фразы, а вы нам скажыце пару словаў пра шырэйшы кантэкст. Якую ролю беларуская мова адыгрывала і адыгрывае ў вашым жыцьці?

Алексіевіч: Я вырасла ў беларускай і ўкраінскай вёсцы. З украінскай вёскі я выехала, калі была зусім маленькая. Але калі я бываю ва Ўкраіне, усё-ткі нешта ва мне адзываецца. А Беларусь – гэта там, дзе я расла, я іншых людзей проста ня ведаю. На самым пачатку, калі пасьля студэнцтва я працавала ў газэце, падзеі вясковага жыцьця былі маімі ўлюбёнымі тэмамі. Чалавек, які вырас сярод усяго гэтага, можа ставіцца да яго толькі зь любоўю. Гэта той сьвет, у якім я вырасла, і іншага сьвету я ня ведаю.

Максімюк: Кніжка “Час сэканд хэнд” – гэта, як вы сказалі, завяршэньне вашага цыклу пра “чырвонага чалавека”. Што далей? У вас ужо ёсьць уяўленьне, пра што будзе ваша наступная кніга? Магчыма, вы яе ўжо пачалі?

Алексіевіч: Так. Ёсьць дзьве ідэі, якімі я занятая ўжо даўно. Мой праект – гэтае пяцікніжжа пра гісторыю чырвонага чалавека – завершаны. А наступныя кнігі будуць пра іншае. Але для гэтага мне самой трэба стаць іншым чалавекам, таму што гэтыя мае новыя ідэі патрабуюць іншага інструмэнту, нават іншага слоўніка. Гэта будзе пра тое, вакол чаго круціцца наша жыцьцё – гісторыя любові і гісторыя старасьці, адыходу, сьмерці – пра рэчы, якія мне па-сапраўднаму цікавыя. Ёсьць надзея, што калі яшчэ ў мяне будзе час, я зраблю гэтыя дзьве кнігі – пра любоў і пра старасьць, пра сьмерць, калі чалавек задумваецца аб тым, навошта ўсё было. А любоў – гэта найважнейшае ў нашым жыцьці. Таму што чалавек не нараджаецца дзеля таго, каб залезьці з лапатай на дах чарнобыльскага рэактара. Напэўна ён нараджаецца дзеля нечага іншага. Я хачу дасьледаваць, прадумаць, напісаць пра чалавека, калі ён ужо вызваліўся ад вялікай ідэі, якая яго душыла, калі ён вучыцца жыць сваім жыцьцём і ня мае ў гэтым ніякага дасьведчаньня. Ні ў беларускай, ні ў рускай культуры няма досьведу шчасьця. Дарэчы, што такое эўрапейскі чалавек? Гэта той, які думае пра такія вось рэчы, а не пра тыя напалову ваенныя рэчы, якімі занятая і наша культура, і наша сьвядомасьць увесь час. Дык вось я хачу дасьледаваць чалавека, які вучыцца – дарэчы, як і я – жыць гэтым новым жыцьцём.

Максімюк: Гучыць даволі завабліва. Жанр гэтых дзьвюх кнігаў, якія вы задумалі, будзе падобны на жанр папярэдніх, гэта значыць, мы зноў пачуем галасы людзей, а сама пісьменьніца будзе “схаваная” за імі?

Алексіевіч: Не, пісьменьніка ніколі не схаваеш. Вось мне заўсёды цікава – чаму ў паэта ніколі не пытаюць, чаму ён ня піша прозы? А ў мяне заўсёды пытаюць – а чаму вы ўсё-ткі так пішаце? Гэта мой жанр, з кніжкі ў кніжку я яго крыху мяняю, шмат што ўдасканальваю, нечага шукаю ў ім. Зразумела, я буду пісаць далей у гэтым жанры. Можна назваць гэты жанр “раманам галасоў”, як называў яго мой настаўнік Алесь Адамовіч, або “саборным раманам”… Бо мне здаецца, што мы жывём у вельмі хуткім часе, і чалавек не пасьпявае ў гэтым часе сам за сабой. І толькі стварыўшы такі калектыўны партрэт, нам удаецца хаця б часткова даць вобраз часу. Я не хачу здраджваць самой сабе. Так настроеныя мае вочы, так чуе маё вуха, так я бачу сьвет.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»