Марафон салідарнасці з ксяндзом Уладзіславам Лазарам

0

Пра арышт ксяндза Уладзіслава Лазара стала вядома праз некалькі дзён пасля ліпеньскай заявы Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманне супрацоўніка беларускіх спецслужбаў за працу на замежныя дзяржавы. Лукашэнка сказаў, што шпіён звязваўся з замежнымі спецслужбамі праз прадстаўніка каталіцкага касцёла. Пазней Лазару прад’явілі абвінавачванне ў перадачы грошай і матэрыяльных каштоўнасцяў чалавеку, якога падазраюць у шпіянажы на карысць іншай дзяржавы. Святару пагражае да 15 гадоў турмы.

Дагэтуль афіцыйныя ўлады не агучылі ніякіх падрабязнасцяў гэтай справы. Тым часам не толькі вернікі, якія добра ведаюць і паважаюць ксяндза Лазара, але і простыя людзі паставілі свае подпісы пад зваротам у яго абарону. Больш за 5000 подпісаў ужо перадалі ў КДБ і генпракуратуру. Збор подпісаў працягваецца.

Прадстаўнікі грамадскасці звярнуліся ў міжнародныя структуры, каб тыя прызналі святара вязнем сумлення. Папскі нунцый Клаўдыё Гуджароцці распавёў пра справу ксяндза Лазара Папу Рымскаму. Усе святары, знаёмыя з Лазарам, вельмі добра выказваюцца пра яго асабістыя якасці. Сваякам следчы адмаўляе ў спатканні з арыштаваным. Дагэтуль яму не дазволілі перадаць ні Біблію, ні ружанец. Такім чынам, можна зрабіць выснову, што й шматлікія лісты падтрымкі ад неабыякавых людзей, Лазар таксама не атрымлівае.

У 2005 годзе Уладзіслава Лазара з Мінскай катэдры перавялі ў Мар’іну Горку. Там ён сваімі сіламі будаваў касцёл і стаў карыстацца павагай мясцовых жыхароў. Спачатку ў парафіі было 5 жанчын сталага ўзросту, а літаральна праз пару гадоў іх колькасць пераваліла за сотню чалавек. Сёлета ў маі арцыбіскуп перавёў ксяндза Лазара ў Барысаў, дзе трэба было будаваць новы касцёл. Праз месяц яго затрымалі на вуліцы і змясцілі ў следчы ізалятар КДБ. Нават супрацоўнікі міліцыі, куды звярнуліся сваякі святара, не маглі яго знайсці. Праз пару тыдняў сваякам пазванілі з КДБ і сказалі, што ён знаходзіцца ў СІЗА. Толькі праз 2 месяцы яму ўдалося перадаць першую перадачу. Святар у сваіх лістах да сваякоў піша, што ён ні ў чым не вінаваты і чакае вызвалення.

Сёння людзі змогуць прыйсці і ўзяць удзел у акцыі салідарнасці. На сустрэчы будуць былыя вязні “амерыканкі”, якія распавядуць пра ўмовы ўтрымання ў гэтым СІЗА.


Няма запісаў для адлюстравання