“Малады Фронт” падаў подпісы, каб перайменаваць вуліцу Леніна

7 лістапада, у гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, заказныя лісты з подпісамі адправіліся ў Мінгарвыканкам і ў Савет міністраў. У звароце маладафронтаўцы цытуюць Леніна:

“Нам абавязкова неабходна правесці канфіскацыю царкоўных каштоўнасцяў самым рашучым і самым хуткім чынам, чым мы можам забяспечыць сабе фонд у некалькі сотняў мільёнаў залатых рублёў (трэба ўспомніць гіганцкія багацці некаторых манастыроў і лаўр). /…/ Чым большую колькасць прадстаўнікоў рэакцыйнага духавенства і рэакцыйнай буржуазіі атрымаецца з гэтай нагоды расстраляць, тым лепш”.

Паводле актывістаў загрэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту”, Уладзімір Ленін з’яўляецца ідэолагам чырвонага тэрору і наяўнасць у сталіцы цэнтральнай вуліцы, якая носіць яго імя, гэта ганьба для беларусаў.

Нагадаем, 6 лістапада менавіта падчас гэтага збору подпісаў за наданне вуліцы Леніна гістарычнай назвы быў схоплены лідар “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч. У той жа дзень ён асуджаны да 3 сутак за “непадпарадкаванне міліцыі”.


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»