— Зянон Станіслававіч, якім сёння вам успамінаецца той дзень?

— Той дзень мне ўспамінаецца, быццам бы ён быў учора. Бо падзея была настолькі неардынарная, што яна глыбока ўвайшла ў свядомасць праз эмацыйнае ўспрыняцце… 30 кастрычніка 1988 году я выйшаў з дому зараней. Бачыў, як у горадзе збіраецца тэхніка з вадамётамі, якіх ніхто раней не бачыў. Міліцыя ў дварах, вайсковая тэхніка, людзі ў касках. Таксама былі і ў цывільным. Метро спынілі, мноства народу накіравалася да Маскоўскіх могілак пехам. Людзі ў цывільным пачалі хапаць. І тады ж упершыню ўжылі газ.

— Наколькі ведаю, і вам патрапіла…

— Канешне, мяне таксама хацелі схапіць, далі газу… Ёсць недзе фотаздымак, дзе капітан дае мне слезацечны газ. Тут да мяне кінуліся людзі, акружылі велізарным натоўпам, хвілін 15 ішла валтузня. Але мяне так і не змаглі забраць. Было зразумела, што падрыхтоўваецца нейкая вялікая і небяспечная правакацыя…. Я сказаў: “Ствараем калону і ідзём на Курапаты”. Задача была – вывесці людзей. Частка народу стала ў калону, частка засталася на месцы. Але гэта можа і добра. Калі мы пайшлі напрасткі праз поле на Курапаты, у міліцыі было замяшальніцтва. Нехта з міліцыянераў паехаў на Курапаты, аддаваліся нейкія бязглуздыя каманды… Адным словам, увесь іх план, відаць, пераламаўся.

Зянон Пазьняк: “На тыя “Дзяды” сілавікі хацелі пусціць кроў…”

— Сітуацыя была напружаная?

— Вельмі напружаная! Гэта добра адчувалася і добра запомнілася. Але тады калона выйшла ў поле, і там адбыўся мітынг. Снег якраз пайшоў, людзі прыселі… Мы зачыталі дакумент аргкамітэта Народнага Фронту, маніфест “Мартыралога Беларусі”. Дарэчы, амаль увесь аргкамітэт схапілі. Застаўся я і Уладзя Арлоў. Але, тым не менш, упершыню паднялі тады бел-чырвона-белы сцяг. Я сказаў прысутным: “Калі кінуцца на нас, нікому не разбягацца. Бярэмся за рукі і стаім”. Так і атрымалася. Тры тысячы чалавек узяліся за рукі і сталі, як адна маса. Міліцыянеры хапалі крайніх, вышморгвалі іх, білі, але ўсіх разагнаць не здолелі. А мы, узяўшыся за рукі, так затым і выйшлі на дарогу. І на гэты раз была наша перамога. Людзей пабілі, але сістэма камуны развалілася. Калі ж мы паблыталі карты, стала вядома, што яны хацелі зрабіць.

— Як вы аб гэтым даведаліся?

— Праз некалькі месяцаў адзін палкоўнік міліцыі прынёс майму калегу з аргкамітэта Фронту рэкагнасцыроўку сілавікоў на “Дзяды”. І тады стала зразумела, што 30 кастрычніка хацелі пусціць кроў. Загнаць людзей у Стары сад, пачаць малаціць, і, можа быць, некалькі чалавек забіць. А затым усё спіхнуць на Народны Фронт. Падзеі таго дня паўздзейнічалі на сітуацыю ва ўсім Савецкім Саюзе…

Цалкам інтэрв’ю з Зянонам Пазьняком вы зможаце прачытаць у газетным нумары “Народнай Волі” за 1 лістапада

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»