Усяго ў сьпісе асобаў, якім не дазволены ўезд у Эўразьвяз, 243 чалавекі і 32 кампаніі. Большасьць з гэтых кампаніяў належаць Юрыю Чыжу, Уладзімеру Пефціеву і Анатолю Тарнаўскаму, якіх у Эўразьвязе лічаць «кашалькамі Лукашэнкі». Раней сьпісы ўжо карэктаваліся ў бок зьмяншэньня.
Сёлета ў красавіку зь ліку прадпрыемстваў, вартых санкцыяў, выключылі «Аквадзіў» і «Спорт-пары», а са сьпісу асобаў — былую намесьніцу рэдактара прэзыдэнцкай газэты «Советская Белоруссия» Ганну Шадрыну. Каму яшчэ могуць вярнуць права наведваць Эўропу? І каго, наадварот, уключаць у сьпіс неўязных?
Праваабаронца Людміла Гразнова мяркуе, што сьпіс могуць зьменшыць за кошт прадстаўнікоў сфэры адукацыі, якіх цяпер там 7 чалавек. Гэта 5 кіраўнікоў ВНУ, у тым ліку рэктар БДУ Сяргей Абламейка, а таксама дырэктар менскага політэхнічнага каледжу і дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы ў Пухавіцкім раёне. Зьняцьце «пакараньня» з гэтых асобаў магло б дапамагчы актывізацыі дыялёгу зь Беларусьсю, лічыць Людміла Гразнова:
«З гэтымі асобамі зьвязаныя шмат прафэсараў, дацэнтаў, студэнтаў, якіх перш за ўсіх трэба інтэграваць у сучасную адукацыйную сыстэму Эўропы. І гэта магчымасьць ня толькі для іх, але і для будучыні Беларусі. А вось хто можа быць уключаны? Тут цяжка прадбачыць. Магчыма, нехта зь сілавых структураў, бо і ў гэтым годзе сілавікі дзейнічалі часам вельмі радыкальна».
Якія прадпрыемствы маюць шанцы выйсьці з-пад санкцыяў? Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі не выключае, што гэта будзе нейкае прадпрыемства Ўладзімера Пефціева, пра якога вядома, што ён праз суд дамагаўся адмены санкцыяў, а ў некаторых фірмах саступіў свае актывы іншым людзям. Хто яшчэ?
Раман Якаўлеўскі заўважае, што за апошні год лабісты зьмякчэньня санкцыяў выявіліся ня толькі сярод эўрапейскіх палітыкаў, але і ў Беларусі. На думку аглядальніка, іхнія намаганьні могуць прынесьці посьпех літаральна ва ўсіх групах неўязных. У тым ліку і сярод былых уплывовых сілавікоў, як былы міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, якія зьехалі зь Менску і асталяваліся збольшага ў Маскве:
«І ня толькі Навумаў. Нагадаю, што намесьнікам генсакратара АДКБ працуе генэрал Генадзь Нявыглас. Мяркую, верагоднасьць таго, што такія людзі, як ён, якія фармальна ўжо ня маюць дачыненьня да Беларусі, могуць апынуцца па-за сьпісам».
У вялікім сьпісе судзьдзяў, якія ня маюць права езьдзіць у Парыж ды іншыя мясьціны Эўропы, паводле Рамана Якаўлеўскага, могуць зьявіцца выключэньні за кошт тых, хто зьмяніў працу. У тым ліку назіральнік не выключае, што гэта будзе былая судзьдзя Тацяна Паўлічук, якая цяпер працуе адвакатам.
Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч таксама мяркуе, што найперш маюць шансы быць выключанымі са сьпісу неўязных у Эўразьвяз тыя, хто страціў свае пасады. Як чыноўнікі, так і судзьдзі, і журналісты. «Прыкладам, могуць зрабіць ласку для Аляксандра Зімоўскага, які даўно зьехаў зь Беларусі», — мяркуе Аляксандар Старыкевіч. Пры гэтым рэдактар «Салідарнасьці» ўвогуле ня бачыць, каб санкцыі мелі вялікую значнасьць для зьменаў у краіне:
«У любым разе разьвязваць сытуацыю тут будуць ня санкцыі, справядлівыя ці не, а яна павінна разьвязвацца ўнутры краіны, яе грамадзянамі».
Поделиться ссылкой:
Падтрымаць «Народную Волю»
Добавляйте издание «Народная Воля» в избранное на Яндекс-Новости!