Танцам з д’ябалам назвала дэпутат Бундэстагу Марылуіза Бек спробы еўрапейскіх чыноўнікаў наладзіць дыялог з беларускім рэжымам. Такое параўнанне палітык выказала падчас канферэнцыі “Будучая стратэгія Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі”, які праходзіў 28-29 кастрычніка ў Вільні.

Марылуіза Бек: “Ёсць дзве асноўныя пазіцыі, і пытанне стаіць так: “Наколькі моцныя мы будзем у адносінах да рэжыму — будзем мы танчыць з д’ябалам, як я гэта называю, ці мы выбярэм нейкі іншы шлях?”

Іншым шляхам, на думку нямецкага палітыка, можа стаць наладжванне стасункаў еўрапейцаў з шараговымі беларусамі. Трэба толькі Еўропе ў аднабаковым парадку скасаваць візы для беларусаў. Праўда, не ўсе еўрапейскія чыноўнікі гэта разумеюць, кажа Бек.

Марылуіза Бек: “Мне вельмі сумна ад таго, што такі варыянт лібералізацыі візавага рэжыму не ўспрымаецца і не прымаецца міністэрствамі ўнутраных спраў усіх краін Еўропы. Яны думаюць пра бяспеку і думаюць, што яны гэта робяць дзеля бяспекі. Але гэта не зусім так”.

На думку палітыка, Еўропа пакуль ментальна не гатовая зрабіць наступны крок і сур’ёзна разглядаць Беларусь  ці Азербайджан у якасці патэнцыйных сяброў Еўрапейскага Саюза. І нават сама ідэя ў аднабаковым парадку скасаваць візы для беларусаў не падтрымліваецца. Але Бек абяцае схіляць нямецкія ўлады да таго, каб хаця б іх краіна такую аднабаковую візавую лібералізацыю правяла.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»