Цяпер адмысловыя камісіі ходзяць па сядзібах, шукаючы схаваных свіней. Сяляне абураюцца і параўноўваюць гэтыя пошукі з часамі нацысцкай акупацыі, калі таксама даводзілася хаваць жыўнасць, каб пазбегнуць рэквізіцый. Згодна з рашэннем Бярозаўскага райвыканкаму сяляне мусілі ліквідаваць сваіх свіней, калі іх вёска за 5 кіламетраў ці бліжэй ад свінафермы. Агулам на Бярозаўшчыне гэтае рашэнне закранула 17 вёсак.

Сяляне пратэставалі, у вёсках Сялец і Кабакі нават збіраліся стыхійныя мітынгі, дзе ўладам выказвалі абурэнне. Скардзіліся ў аблвыканкам і іншыя інстанцыі. Але рашэнне райвыканкаму засталося нязменным. Свіней давялося забіць.

Цяпер падворкі сялянаў аглядаюць адмысловыя камісіі з раённай вэтэрынарнай службы. Пад аховай міліцыянтаў яны шукаюць схаваных свіней. Калі знойдуць, гаспадарам пагражае адміністрацыйная адказнасць.

Каментуюць жыхары Кабакоў: «У нас вучыцца сын у Пружанах, у нас малая дачка ў школу ходзіць. Грошай у нас болей няма. Мы ня з’ездзілі ні ў санаторыі, лядоўні пакупляўшы, ні на рамонт грошай не засталося, ні на што…»

«Прыйшлі, абрабавалі!.. Пагляньце, які ў мяне хляўчук, як я жыву… Я ўдава, у мяне ўнучак вучыцца. Ён прыйдзе — у торбачку, баба, дай… А што я дам?!»

«Мне 80 гадоў, я на сваім двары гаспадар. І я не лічу патрэбным, каб хтосьці маімі свіннямі распараджаўся. Гэта мой двор! Пры немцах у майго бацькі забралі карову, а я потым узяў кошык яек і занёс немцу. І ён тыя яйкі забраў і мне кароўку назад вярнуў. А тут бачу, што ўжо свінак не аддадуць… Забіраюць і плацяць мне па 18 тысяч, а ліверная каўбаса — па 19. Дажыць да такога… Гэта ганебная з’ява. Хадзіць па хлявах, каб даць штрафу мне. Забіраюць і плацяць мне па 18 тысяч, а ліверная каўбаса — па 19. Дажыць да такога…”

Людзі абураюцца тым больш, што на дадзены момант выпадкаў захворвання свіней афрыканскай чумой у Бярозаўскім раёне ня выяўлена.

Вяскоўцы незадаволеныя, што прафілактычныя захады супраць гэтай хваробы так жорстка адбіваюцца на іхнім дабрабыце: «Скажыце, дзе ачаг у нас ёсць, ад якога я павінен прыбіраць? Сам прэзідэнт сказаў, на якой падставе я мушу прыбіраць сваё здаровае пагалоўе?..»

У выніку «свіной вайны» ўчыніў дэмарш вэтэрынар з Бярозы Аляксандар Багданчык. Ён звольніўся з раённай вэтэрынарнай службы на знак пратэсту супраць жорсткага знішчэньня свіней.

Адмысловыя ўколы, якія павінны забіваць свіней, смерці не гарантавалі, таму часта жывёліну дабівалі кувалдай. У інтэрв’ю Свабодзе лекар распавядаў, што лічыць масавы забой свіней на Бярозаўшчыне «неразумным».

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»