Ці будзе Расія плаціць наогул, і ці перададуць Баўмгертнера расійскаму боку? Аб гэтым “Народная Воля” пагутарыла з эканамістам Львом МАРГОЛІНЫМ.

«Я не крыважэрны, я не да таго, што мы павінны іх пасадзіць і гэтак далей. Пакуль мы не набралі больш шкоды, няхай нам кампенсуюць гэта, – заявіў учора Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх СМІ. – Пасля кампенсацыі мы ўжо будзем неяк круціцца, вярцецца, каб усімі любімага вамі і расійскім народам Баўмгертнера вам перадалі”.

– Не думаю, што Расія стане адкупляцца, бо, калі б шукаліся шляхі выхаду з сітуацыі, якія б былі прымальнымі для абодвух бакоў, то гэта адна справа, – кажа эканаміст. – А проста так ставіць ультыматум і патрабаваць выкуп… Для Расіі гэта ганебна, і яна не пойдзе на гэта. Думаю, пакуль сітуацыя будзе ў падвешаным стане, бо няма той юрыдычнай формы, у якую б можна было б пералічыць суму кампенсацыі. Гэта будзе выглядаць, як выкуп закладніка. Напэўна, будуць шукацца новыя шляхі выйсця, і, магчыма, пытанне вырашыцца падчас саміта СНД у Мінску ў гэтым месяцы, дзе сустрэнуцца Пуцін і Лукашэнка. Натуральна, беларускі бок паспрабуе нешта выгандляваць за Баўмгертнера.

— Раней афіцыйны Мінск абвінавачваў “Уралкалій” у нанясенні ўрону на 100 мільёнаў долараў…

– Такая лічба называлася некалькі разоў, але я нагадаю: калі ёсць нейкі ўрон, то яго павінен вызначыць суд.

— Думаеце, у бліжэйшы час Баўмгертнера перададуць Расіі?

– Абавязкова. Пакуль па справе ідуць перамовы і размовы, Беларусь нясе рэальныя страты. Не вырашана пытанне з апошнім траншам крэдыта ЕўрАзЭС, зменшыліся аб’ёмы расійскай нафты ў IV квартале… І гэтыя пытанні не будуць вырашацца, пакуль кіраўнік “Уралкалія” будзе сядзець у Мінску.

— Якія, на ваш погляд, перспектывы далейшага супрацоўніцтва “Беларуськалія” і “Уралкалія”?

– Я не бачу ніякіх перспектыў у бліжэйшай будучыні, але праз нейкі час сітуацыя можа нармалізавацца. Павінна прайсці не менш за паўгода.Да таго часу, магчыма, зменіцца ўласнік “Уралкалія”, хоць вядома, што Керымаў ацаніў кошт сваёй долі вышэй рыначнай. Гэта можа сведчыць аб тым, што ён і не збіраецца прадаваць акцыі. Таму не ўсё так проста. Ды і няма пакуль у справе ўзаемнага даверу паміж бакамі.

— Ці могуць пасля нармалізацыі адносінаў паміж кампаніямі кошты на калій вярнуцца на сусветным рынку на ранейшы ўзровень?

— Цяжка сказаць. Цэны на рынку фарміруюцца не толькі і не столькі ад стасункаў паміж кампаніямі. Гэта больш залежыць ад аб’ектыўных фактараў. Ад прапаноў і запатрабаванасці калійных угнаенняў. Час пакажа…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»