Тое, што здарылася 20 кастрычніка 2004 года, было абсалютнай нечаканасцю. Ніколі дагэтуль у Рэспубліцы Беларусь не было такога, каб забівалі журналістку. Вераніка адчыніла дзверы ўласнай кватэры і атрымала амаль паўсотні ўдараў нажом…

Потым мы ўведаем, што гэта была маскіроўка пад “бытавуху”. Насамрэч дзейнічаў прафесіянальны кілер. Дагэтуль невядома, хто і чаму паслаў яго да Веранікі. Праваахоўныя органы ў дадзеным выпадку не надта імкнуліся выкрыць злачынцаў, что само па абе досыць красамоўна.

Справа пра забойства нашай калегі даўно спісаная ў архіў. Аднак нельга выкрасліць Вераніку з нашай памяці і нашых сэрцаў.

– У Беларускай асацыяцыі журналістаў ёсць дні з чорнай пазнакай, – гаворыць старшыня БАЖ Жанна Літвіна. – Адзін з такіх – 20 кастрычніка. Мінула 9 год з дня трагедыі, звязанай з Веранікай Чаркасавай. На працягу ўсяго гэтага часу кожны раз у гэты дзень калегі, журналісты, родныя, збіраюцца, каб ушанаваць памяць, каб прыгадаць нашу светлую, добрую, таленавітую Веранічку. Каб у чарговы раз самім сабе нагадаць, што ўсе нашыя высілкі павінны быць скіраваны на пошук злачынцаў, якія адабралі ў Веранікі жыццё. Кожны раз мы таксама ўзгадваем пра тое, што забойства за прафесію нельга дараваць. Мы паўтараем і нагадваем сабе ў чарговы раз: толькі нашая еднасць і салідарнасць дапаможа нам выстаяць…

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»