— Сацыялагічная кампанія Satio правяла буйное даследаванне на тэму злачынства і пакарання ў Беларусі, кажа Валянцін СТЭФАНОВІЧ. – Дык вось, 36,2% апытаных за тое, каб смяротнае пакаранне не адмянялі. 10 працэнтаў выказваюцца за пашырэнне прымянення гэтага віду пакарання, 16,6% лічаць, што вышэйшую меру трэба тэрмінова адмяніць, 12,4% рэспандэнтаў — за ўвядзенне мараторыя, а 15,5% лічаць, што трэба паступова ісці да адмены смяротнага пакарання. Адным словам, тых, хто за вышэйшую меру пакарання, і тых, хто супраць, прыкладна аднолькава. У асноўным за адмену смяротнага пакарання выступае моладзь. 73,5% апытаных баяцца судовых памылак і прытрымліваюцца пазіцыі “горш асудзіць невінаватага, чым дазволіць вінаватаму пазбавіцца пакарання”.Акрамя таго, большасць лічыць пажыццёваеа заключэнне адэкватнай альтэрнатывай смяротнаму пакаранню. Зрэшты, абсалютна відавочна, што адмена смяротнага пакарання — палітычнае пытанне, і прымацца яно будзе на палітычным узроўні. Хоць праваабаронцы лічаць, што працу з людзьмі на гэтую тэму трэба працягваць.

— Адным словам, грамадства падзялілася…

— Так, бо пытанне далікатнае, з яркай эмацыйнай афарбоўкай. Днямі адбыўся “круглы стол” з удзелам прадстаўнікоў МУС, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, юрыстаў… І вось яны адкрытым тэкстам казалі: “Смяротнае пакаранне на самай справе не з’яўляецца стрымліваючым фактарам росту злачыннасці”. Але людзі, якія выступаюць за вышэйшую меру, называюць адзін аргумент — пачуццё ўласнай бяспекі. Яны лічаць, што смяротнае пакаранне будзе стрымліваць рост цяжкіх злачынстваў. Вялікая памылка. Больш таго, адсутнасць гуманізму ў дзяржаве пераходзіць і на людзей, на грамадства. Яно робіцца яшчэ больш жорсткім.

— Чаму не вядзецца з гэтай нагоды шырокая дыскусія?

— Можа быць, таму, што дзяржава ўзнімае гэтае пытанне ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Дарэчы, толькі 6 працэнтаў апытаных лічаць, што ім дастаткова інфармацыі на гэтую тэму.

— Многія чыноўнікі кажуць, што беларускае грамадства яшчэ не саспела да адмены смяротнага пакарання…

— Ведаеце, вельмі цяжка чакаць ад грамадства, што яно наогул да гэтага саспее. Паўтаруся, пытанне — вельмі эмацыйна афарбаванае. Забілі блізкага — чалавек патрабуе помсты. І, калі кіравацца гэтым, то давайце тады на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску адсякаць забойцам галаву. У Заходняй Еўропе, калі ў свой час адмянялі смяротнае пакаранне, не праводзілі на гэтую тэму рэферэндумаў. Адказнасць на сябе за такія крокі бралі палітычныя эліты. Таму і ў нас рашэнне павінна прыняць дзяржава. Хоць і непапулярнае рашэнне.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»