1 жніўня Вячаслаў разам з жыхарамі Ваеннага гарадка наведаў выканкам Першамайскага раёна. Людзі патрабавалі спыніць вырубку каштоўнага леса паміж дарогай і іх дамамі.

Яны запытвалі хто даў дазвол без грамадскага абмеркавання будаваць на месцы лесапаласы “Audi-цэнтр”. Па заключэнню экспертаў узрост спілаваных соснаў і елак налічвае больш за 120 гадоў. Паколькі ўцямнага адказу так і не прагучала, праз чатыры дні людзі сабраліся на мясцовай плошчы каля Дома культуры і наладзілі збор подпісаў. Гэтым разам міліцыянеры не проста назіралі за тым, што адбывалася, але тых, хто трымаў самаробныя плакаты, запрасіў на так званую размову.
 

Толькі цяпер стала зразумела, што тая размова мела працяг – складанне адміністрацыйнага пратаколу.

Вячаслаў Піліпук даведаўся, што суд на практыцы разгледзеў два пратаколы і гэта яго асабліва абурыла.
“Я яшчэ разумею, што, калі мяне завялі ў пастарунак у Ваенным гарадку 5 жніўня, то маё пісьмовае тлумачэнне магло легчы ў аснову пратакола. Але 1 жніўня мяне ніхто ў выканкаме не затрымліваў. Мы прыйшлі і сышлі. На якой падставе на мяне завочна склалі пратакол і нават нічога пра гэта не паведамілі?! А потым яшчэ і завочна судзілі і пакаралі штрафамі – 10 базавых за 1 жніўня, і яшчэ 10 дабавілі за 5-га! І гэта толькі за тое, што людзі нічога незаконнага ж і не рабілі. Не было там ніякага мітынгу. Жыхары спрабавалі атрымаць адказы ад чыноўнікаў і што ў выніку? Спілавалі больш за 800 дрэў! Знішчылі сапраўдны лес каля праспекта Незалежнасці, каб дагадзіць алігарху і даць яму месца для будаўніцтва! Як гэта прыкра!”, — сказаў “Народнай Волі” Вячаслаў Піліпук.

Актывіст паведаміў, што будзе скардзіцца ў вышэйшыя інстанцыі, нягледзячы на тое, што не чакае ад іх адмены судовай пастановы.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»