Мясцовыя актывісты разам з экалагічнаю арганізацыяй «Экадом» падалі спазыск да прадпрыемства, патрабуючы часова цалкам спыніць усялякую яго гаспадарчую дзейнасць – прынамсі пакуль не будзе змененая пастанова аб выкарыстанні ў яго вытворчасці шкодных тэхналогіяў.

Цэлюлозна-картонны камбінат – яблык паўтарагадовага раздраю паміж светлагорцамі і мясцовымі ўладамі. Цяпер жа з будаўнічай пляцоўкі і кухняў спрэчка перайшла ў памяшканне мясцовага суда. Напярэдадні тут адбыўся разгляд грамадскага спазыску да камбінату, падчас якога абодва бакі дамовіліся запрасіць у суд адмыслоўца ў галіне экалогіі. Калі айчынны суд не задаволіць патрабаванняў грамадскасці, актывісты абяцаюць звярнуцца ў міжнародныя інстанцыі.

АНАТОЛЬ ДЗМІТРОВІЧ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Паводле еўрапейскіх стандартаў, калі будзе пабудавана з парушэннямі і будуць умовы працы шкодныя альбо экалагічны стан рэгіёну дрэнны, то гэты прадукт Еўропа набываць не будзе».

  Паводле эколагаў, прадпрыемства, якое кітайскія інвестары будуюць паблізу райцэнтру, належыць да першай катэгорыі небяспекі з-за вытворчасці з выкарыстаннем хлору. Яшчэ летась у час грамадскіх слуханняў, выступіць на якіх, аднак, аніводнаму прадстаўніку грамадскасці не далі, забудоўцы абраную тэхналогію нахвальвалі, як маглі.

ТЭЛЬМАН МАСЛЮКОЎ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
«Запэўнівалі, што яна найлепшая, самая перадавая і, самае галоўнае, на 20 адсоткаў танейшыя за тэхналогію бясхлорнага адбельвання. То бок з-за 20 % розніцы ўсіх жыхароў гораду робяць закладнікамі будучай небяспечнай сітуацыі».

Наступнае паседжанне запланавалі на 16 кастрычніка. Ці прыслухаецца суд да меркавання эколага і ці ўлічыць больш за 10 тысяч подпісаў мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва камбінату? Пытанне, прынамсі для светлагорцаў, жыццёва важнае.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»