У прыватнасьці, гаворачы пра перасьцярогі беларусаў што да магчымай дэвальвацыі беларускага рубля, Лукашэнка назваў беларусаў “народцам”. Ён сказаў літаральна так: “Но в последние месяцы, я смотрю, наш народец побежал в обменные пункты. Ну, бегите. Бегите!

 У сувязі з гэтым, намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў зрабіў наступную заяву:

“Ужываньне на адрас беларусаў абразьлівага вызначэньня “народзец” зьяўляецца недапушчальным. Гэта наўпроставая абраза нацыянальнай годнасьці беларускага народу. Такім чынам аўтар гэтага ганебнага выказваньня прадэманстраваў, што насамрэч ён беларусаў не паважае і не лічыць вартымі якога-кольвек сур’ёзнага стаўленьня.

Адзначу таксама, што словы Лукашэнкі красамоўна сьведчаць пра яго сапраўдныя адносіны ня толькі да беларускай нацыі як такой, але і да той яе часткі, якая да гэтага часу падтрымлівае ягонае аўтарытарнае праўленьне. Кожнаму, хто яшчэ мае ілюзіі адносна “народнасьці” палітыкі сёньняшняй улады, трэба нарэшце задумацца. Калі кіраўнік дзяржавы не знаходзіць нічога лепшага, як называць грамадзян дзяржавы “народцам” ды спрабуе ускласьці на беларускі народ адказнасьць за дэвальвацыю і за вартыя жалю наступствы ўласнай хібнай эканамічнай палітыкі – дык можа праблема ўсё ж не ў народзе, а ў гэтым кіраўніку?!

Беларусы – нацыя, а не нейкі “народзец”! А тыя палітыкі, што думаюць адваротным чынам, непазьбежна ў хуткім часе застануцца на ўзбочыне гісторыі.”, паведамляе прэсавая служба Партыі БНФ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»