Першыя звесткі аб тым, што ў мінскім метро не ўсё добра, з’явіліся яшчэ на выхадныя. На станцыях дзяжурыла куды больш праваахоўнікаў, чым звычайна, пільней даглядалі асабістыя рэчы пасажыраў. У панядзелак, калі пасажырапаток павялічыўся, стала відавочна: праваахоўныя службы праяўляюць павышаную цікавасць да таго, што адбываецца пад зямлёю. На час нават зачынілі станцыю метро “Плошча Якуба Коласа”. У горадзе ледзьве не пачалася паніка! Імгненна распаўзліся чуткі, што шукаюць выбухоўку. Нібыта пільны грамадзянін чуў, як такое паведамлялі па рацыі аднаму з міліцыянераў, што дзяжурылі ў метро. Калі градус панікі ледзьве не пабіў крытычны рубеж, з’явілася афіцыйнае паведамленне. Аказваецца, у Мінскім метрапалітэне праходзяць вучэнні ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнасці.

У актыўнай фазе вучэнняў удзельнічалі супрацоўнікі УУС па ахове Мінскага метрапалітэна і работнікі КУП “Мінскі метрапалітэн”, адпрацоўваліся дзеянні супрацоўнікаў названых структур пры выяўленні безгаспадарнай паклажы, у якой можа знаходзіцца выбуховая прылада”, — паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Страсці троху суцішыліся, але ў аўторак усё пачалося зноўку. Маскоўская лінія метро прыпыніла рух з-за таго, што на станцыях “Усход” і “Барысаўскі тракт” пачалося задымленне. У адным з электрашчыткоў адбылося кароткае замыканне. З-за гэтага спыніўся рух электрацягнікоў у абодвух напрамках. МНС спяшалася супакоіць грамадзян і нават выклала ў інтэрнэт фотаздымкі таго самага злашчаснага шчытка. І зноў паніку атрымалася стрымаць. Але ўсё больш жыхароў Мінска аддавалі перавагу наземнаму транспарту.

Серада стала адметным днём для аматараў канспіралагічных тэорый. Метро зноў стала. Заблакіравалі ўваход на станцыю “Акадэмія навук”. Аказалася, на рэльсах апынулася жанчына. Электрычкі першай лініі не хадзілі каля гадзіны. Пад вечар з’явілася інфармацыя аб тым, што дагляд асабістых рэчаў праводзіцца і на сталічным чыгуначным вакзале. Людзі ўголас пачалі казаць, што не вераць у вучэнні. Ездзіць на метро баяліся. Сітуацыяй скарысталіся многія службы таксі. Замовіць машыну ў сераду ўвечары было амаль немагчыма. “Ад борта” заломлівалі астранамічныя кошты.

Сітуацыя заставалася нервовай. У чацвер нават зранку вагоны метро былі паўпустымі. На перонах па-ранейшаму дзяжурылі міліцыянеры, а на ўваходзе на станцыі праводзіўся агляд асабістых рэчаў. У сацыяльных сетках і ў каментарыях да навін людзі прызнаюць, што баяцца ездзіць у метро. Пагоршыла грамадскі настрой і вялікая аварыя, што адбылася ў чацвер раніцай на Мінскай кальцавой аўтадарозе. На развязцы з вуліцай Ціміразева адбылося ДТЗ з удзелам адразу шасці машын. Рух па кальцавой істотна запаволіўся, у заторы стаялі дзясяткі аўтамабіляў.

Колькі гэта будзе працягвацца, не могуць сказаць нават самі праваахоўнікі. Прэс-сакратар МУС заявіў, што вучэнні будуць праводзіцца так доўга, як гэтага будуць патрабаваць абставіны. Галоўная мэта — “вызначыць сваю боегатоўнасць”. У сталічным метрапалітэне ўвогуле адмаўляюцца ад каментарыяў — прэс-службы тут проста няма.

Без адказу застаецца самае вострае пытанне: чаму аб вучэннях не папярэдзілі загадзя? Гучна і зразумела не патлумачылі, што панікаваць не трэба? Мінчанам і гасцям сталіцы не застаецца нічога іншага, як чакаць навін і практыкавацца ў чорным гумары. Асабліва папулярным стаў жарт, што праблемы ў метрапалітэне з-за таго, што на рэльсы ўпаў беларускі рубель…


Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»