Так, за тыдзень у простай настаўніцы паспелі пабываць старшыня раённага аддзялення прафсаюзу працаўнікоў сферы адукацыі, начальніца раённага аддзелу адукацыі, прадстаўнікі Магілёўскага аблвыканкаму і Міністэрства адукацыі Беларусі. Усе яны спрабавалі пераканаць настаўніцу, што насамрэч у школе ўсё добра, і яна сама шмат у чым вінаватая. А ў гэты час адна дзяржаўная газета апублікавала матэрыял, у якім абвінаваціла настаўніцу ў скандалізме і стала на бок дырэктара школы.

“Не думала , што мая публікацыя ў інтэрнэце фота кабінета абслуговай працы выкліча такі рэзананс, – кажа Жанна Шчарбініна. – Хачу выказаць словы падзякі ўсім за падтрымку ў інтэрнэце. Думаю, што менавіта каментары чытачоў прымусілі чыноўнікаў розных узроўняў разбірацца ў сітуацыі, якая склалася. Людзі адкрыта выказаліся аб тым, што на самой справе адбываецца ў сістэме адукацыі і ў нашым грамадстве. Так, у нас не любяць, калі чалавек кажа праўду. Але ж нельга ж жыць у пастаянным страху. Беларусы, у каго мы ператвараемся?..”

– Колькі я ні спрабавала звярнуць увагу правяраючых на мікраклімат, сапраўднае становішча ў калектыве Аўсянкаўскай сярэдняй школы – чуць не жадаюць, – дадае жанчына. – На фота бачна, у якім стане знаходзіцца кабінет у цяперашні час – ужо пасля рамонту, які адбыўся пасля публікацыі першых фотаздымкаў. “Советская Белоруссия” піша пра “мешки то ли с мусором, то ли с ребячьими поделками, какой–то хлам на тумбочках” у маім былым кабінеце. Але гэта не смецце і не хлам: мне сказалі прыбраць усё з шафаў, і ўсе свае матэрыялы і працы вучняў я склала ў скрыні. Але забраць усё за раз я не змагла, таму і засталася частка рэчаў у кабінеце. У “СБ” чамусьці таксама гаворыцца пра мой прысядзібны ўчастак. Але знаходзіцца ён у нармальным стане, не горш, чым у іншых. Не такі, вядома, як каля школы, бо такой колькасці людзей , якія працуюць на ім, няма, напэўна, нідзе. Зараз у школе 145 вучняў, 21 настаўнік , 22 чалавекі абслуговага персаналу, у тым ліку работнікаў па абслугоўванні плавальнага басейна. А ў басейне з красавіку 2012 г. няма вады. Дык чым жа ім займацца? Вось і працуюць над клумбамі. Як дэпутат сельскага савета па многіх парушэнняў з боку адміністрацыі я напісала зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю РБ. Паглядзім, які будзе адказ.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»